Грамадскія прыёмныя пачалі працаваць ва ўсіх гар- і райвыканкамах Віцебскай вобласці

18 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці створаны і працуюць 28 грамадскіх прыёмных па аказанні бясплатнай юрыдычнай дапамогі грамадзянам, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян Віцебскага аблвыканкама Алена Раманоўская. Грамадскія прыёмныя функцыянуюць пры ўсіх гарадскіх, раённых выканкамах, а таксама ў трох раённых адміністрацыях абласнога цэнтра. Прыём у іх штодня ажыццяўляюць работнікі судоў, пракуратуры, натарыяльных кантор, адвакаты, а таксама службовыя асобы па зацверджаных графіках, якія штомесяц публікуюцца ў прэсе, размяшчаюцца на стэндах і на сайтах дзяржорганаў. Першая грамадская прыёмная пачала працаваць у маі 2009 года ў аблвыканкаме і паказала сваю эфектыўнасць. У мінулым годзе колькасць зваротаў грамадзян у Адміністрацыю Прэзідэнта з Віцебскай вобласці скарацілася на 10%. У бягучым годзе спецыялісты па рабоце са зваротамі грамадзян адзначылі прыкметнае зніжэнне пытанняў, якія паступаюць на адрас старшыні аблвыканкама, што закранаюць праблемы аховы здароўя і транспартнага абслугоўвання. На думку Алены Раманоўскай, іх вырашэнню ў значнай ступені спрыяла работа грамадскай прыёмнай, дзе на дапамогу людзям без затрымкі прыходзілі службовыя асобы або кваліфікаваныя юрысты. Вопыт грамадскай прыёмнай аблвыканкама было вырашана распаўсюдзіць на ўсе выканкамы. З 1 кастрычніка бягучага года ў іх вядзецца штодзённы прыём. Як лічыць суразмоўніца, іх работа будзе спрыяць больш хуткаму вырашэнню пытанняў, якія хвалююць людзей, і папярэджанню зваротаў у вышэйстаячыя органы.-0-