Грамадскія прыёмныя РГА "Белая Русь" запатрабаваныя ў насельніцтва - А.Радзькоў

24 жніўня, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" актыўна падключылася да кампаніі па маніторынгу работы мясцовай улады з насельніцтвам. Як распавёў карэспандэнту БЕЛТА старшыня арганізацыі Аляксандр Радзькоў, на гэтым тыдні ў грамадскіх прыёмных РГА "Белая Русь" ва ўсіх абласцях рэспублікі пройдзе пазачарговы прыём грамадзян - без папярэдняга запісу. Так, сёння з пытаннямі можна было звярнуцца ў грамадскую прыёмную РГА "Белая Русь" у Астраўцы (Гродзенская вобласць). 25 жніўня прыём грамадзян будзе арганізаваны ў Свіслачы (Гродзенская вобласць), Ушачах (Віцебская вобласць), Лагойску і Барысаве (Мінская вобласць), Ветцы (Гомельская вобласць), Слаўгарадзе (Магілёўская вобласць). У Мінску ў гэты дзень грамадзян прымуць першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Наталля Мілашэўская, намеснік старшыні РГА "Белая Русь" Сяргей Пігарэў і намеснік старшыні Першамайскай раённай арганізацыі Мінска Зоя Харчанка. Плануецца, што 26 жніўня спецыялісты, прадстаўнікі райвыканкамаў, РГА "Белая Русь" прымуць грамадзян у Жабінцы (Брэсцкая вобласць), Міёрах (Віцебская вобласць), у гарадскім пасёлку Корма (Гомельская вобласць), у Шклове (Магілёўская вобласць). У гэты ж дзень будзе арганізавана сустрэча грамадзян з адміністрацыяй Фрунзенскага раёна сталіцы. 27 жніўня прыём грамадзян пройдзе ў Драгічыне (Брэсцкая вобласць). "Фарміраванне інстытута грамадскіх прыёмных РГА "Белая Русь" у маштабе рэспублікі завяршаецца. Ужо сёння 119 грамадскіх прыёмных працуюць у Мінску, пры абласных і большасці раённых арганізацыях", - распавёў Аляксандр Радзькоў. Паводле яго слоў, людзі прыходзяць сюды з самымі рознымі пытаннямі, прапановамі і праектамі.-0-