У Віцебскай вобласці створаны грамадскі савет па развіцці сістэмы сумеснай уласнасці на жыллё

2 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Грамадскі савет па садзейнічанні развіццю сістэмы кіравання сумеснымі домаўладаннямі створаны ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ЖКГ аблвыканкама. У склад грамадскага савета, які будзе дзейнічаць пры абласным упраўленні ЖКГ, увайшлі прадстаўнікі абласных, гарадскіх і раённых прадпрыемстваў ЖКГ і кіраўнікі таварыстваў уласнікаў, створаных у абласным цэнтры. У перспектыве да дзейнасці грамадскай структуры змогуць падключыцца і арганізацыі забудоўшчыкаў, якія дзейнічаюць у раёнах вобласці. Савет прызваны стаць інструментам павышэння эфектыўнасці кіравання сумеснымі домаўладаннямі і ўкаранення новых механізмаў гаспадарання, а таксама павінен спрыяць дасягненню высокай якасці камунальных паслуг і забяспечыць грамадскі ўдзел у вырашэнні праблем жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Асноўнымі задачамі грамадскай структуры стануць выпрацоўка прапаноў па актуальных пытаннях развіцця ЖКГ вобласці, па паляпшэнні жыллёва-камунальнага абслугоўвання насельніцтва. Акрамя таго, савет будзе праводзіць абагульненне і аналіз грамадскай думкі па праблемах ЖКГ, а таксама вывучаць праблемы і рыхтаваць прапановы па іх вырашэнні. Такім чынам, савет будзе спрыяць развіццю ініцыятывы грамадзян у вырашэнні жыллёва-камунальных пытанняў і павышэнню празрыстасці працэсу рэфармавання сістэмы ЖКГ, адзначылі ва ўпраўленні. Рашэнні савета будуць мець рэкамендацыйны характар. Для выканання ўскладзеных функцый савет мае права ўносіць прапановы па павышэнні эфектыўнасці кіравання ЖКГ вобласці, энергерезберэжэння, якасці абслугоўвання насельніцтва, добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, а таксама ініцыяваць нарады, круглыя сталы па актуальных пытаннях развіцця ЖКГ. Савет мае намер вывучаць і абагульняць вопыт работы арганізацый і аб'яднанняў у сферы ЖКГ, праводзіць грамадскую экспертызу нарматыўна-прававых актаў у сферы ЖКГ органаў мясцовага самакіравання. Старшынёй праўлення грамадскага савета з'яўляецца начальнік упраўлення ЖКГ аблвыканкама, у праўленне ўвайшлі таксама кіраўнікі 13 таварыстваў уласнікаў Віцебска. Па дадзеных упраўлення ЖКГ аблвыканкама на пачатак 2010 года, у вобласці зарэгістравана 749 арганізацый забудоўшчыкаў, у тым ліку 607 ЖБВК і 142 таварыствы ўласнікаў. З іх каля 25% абслугоўваюцца самастойна, астатнія арганізацыі заключылі дагаворы на абслугоўванне з прадпрыемствамі ЖКГ. Каля паловы зарэгістраваных у вобласці арганізацый забудоўшчыкаў створаны ў абласным цэнтры.-0-