Агульны фінансавы рэсурс даступных для Беларусі праграм ЕС складае звыш 330 млн. еўра

25 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Агульны фінансавы рэсурс даступных Беларусі праграм міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза складае звыш 330 млн. еўра. Пра гэта паведаміў выканаўчы дырэктар каардынацыйнага бюро праграмы ТАСІС ЕС Леанід Арлоў сёння ў Віцебску на рэгіянальнай канферэнцыі праектаў праграмы ТАСІС Еўрасаюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Значная частка гэтых сродкаў (больш за 300 млн. еўра) прызначана для рэалізацыі міжрэгіянальных праграм тэхнічнага садзейнічання абмену інфармацыяй ТАЙЕКС, партнёрству паміж ВНУ ЕС і краін-партнёраў, праграм транснацыянальнага супрацоўніцтва "Рэгіён Балтыйскага мора", трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія-Літва-Беларусь", "Польшча-Беларусь-Украіна" і тэматычных праграм, такіх як "Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае кіраванне прыроднымі рэсурсамі, уключаючы энергетыку". Як адзначыў Леанід Арлоў, гэтыя праграмы Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства рэалізуюцца з 2007 па 2013 год і ўключаюць праекты, створаныя на аснове заявак. Напрыклад, для ўдзелу ў праграме "Рэгіён Балтыйскага мора" адобрана 11 праектаў з удзелам беларускага боку, на ўдзел у праграме "Польшча-Беларусь-Украіна" заяўкі прымаюцца да сакавіка 2010 года, конкурс на праекты праграмы "Латвія-Літва-Беларусь" будзе абвешчаны да канца 2009 года. Каля 30 млн. еўра адводзіцца на праграмы, праекты ў якіх рэалізуюцца на аснове тэхнічных заданняў. Напрыклад, зараз рэалізуецца нацыянальная індыкатыўная праграма на 2007-2010 гады, адной з мэт якой з'яўляецца змяншэнне наступстваў чарнобыльскай катастрофы. МНС і Мінздароўя Беларусі таксама прыступілі да распрацоўкі тэхнічнага задання на флагманскі праект "Прадухіленне, падрыхтоўка і рэагаванне на прыродныя і тэхнагенныя катастрофы", які будзе ажыццёўлены ў рамках праграмы "Усходняе партнёрства". -0-