Агульны стаж найстарэйшай педагагічнай дынастыі Віцебскай вобласці складае 409 гадоў

12 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Агульны стаж найстарэйшай педагагічнай дынастыі Віцебскай вобласці перавышае 400 гадоў. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок сёння на першым абласным злёце педагагічных дынастый Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Заснавальніца дынастыі Коршыкавых Ганна Мікалаеўна Слабава скончыла ў 1915 годзе педагагічны клас жаночай гімназіі Прытулку прынца П.Г.Ольдэнбургскага і выкладала на нядзельных курсах для рабочых разам з Надзеяй Крупскай. Усяго чатыры пакаленні гэтай сям'і далі 12 педагогаў, выкладчыкаў самых розных дысцыплін. Многім з іх удалося дасягнуць сур'ёзных поспехаў у сваёй працы. Так, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Расійскай Федэрацыі, доктар тэхнічных навук, прафесар Фёдар Кочнеў з 1955 па 1980 гады з'яўляўся рэктарам Маскоўскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту, Павел Коршыкаў за шматгадовую працу ў сістэме адукацыі ўзнагароджаны нагрудным знакам "Выдатнік народнай асветы", а Надзея Коршыкава - "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь". Сёння гэта найстарэйшая педагагічная дынастыя Віцебскай вобласці, агульны стаж якой налічвае 409 гадоў. Не адным пакаленнем настаўнікаў у сваім родзе ганарацца і іншыя прадстаўнікі педагагічных дынастый Прыдзвіння: Якаўлевы, Кірылавы, Казловы, Юркевічы, Гарбікавы, Мехедкі. Сёння яны, а таксама іншыя работнікі адукацыі, якія працягваюць працоўныя традыцыі сваіх сем'яў, сталі галоўнымі гасцямі святочнага мерапрыемства. Усяго ў ім прыняло ўдзел каля 100 чалавек, якія прадстаўлялі 24 педагагічныя дынастыі з усіх гарадоў і раёнаў Віцебшчыны. Аднак у рэгіёне нашчадкавых настаўнікаў значна больш, падкрэсліў Іван Шчурок. "І гэта цешыць. Гэты факт з'яўляецца сведчаннем таго, што настаўнік - гэта, у першую чаргу, прызванне, а потым ужо прафесія. Дзякуючы гэтым людзям расце і ўмацоўваецца прэстыж нашай няпростай працы", - дадаў ён.-0-