Абмеркавалі эфектыўнасць узаемадзеяння выканаўчай улады, наймальнікаў і прафсаюзаў
Пасяджэнне абласнога савета па працоўных і сацыяльных пытаннях 28 сакавіка было прысвечана аналізу выканання ў 2016 годзе пагаднення паміж аблвыканкамам, абласным саюзам наймальнікаў і абласным аб'яднаннем прафсаюзаў.
Па словах намесніка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ірыны Матвеевай, дасягнуты станоўчыя вынікі па шэрагу зацверджаных у пагадненні паказчыкаў. Сярод рэгіёнаў рэспублікі Віцебшчына дамаглася самага высокага ўзроўню па ўдзельнай вазе інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі (32,8%). Па суадносінах запасаў гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці вобласць займае 2-е месца ў краіне (40,4%). Выканана заданне па ўводзе ў эксплуатацыю жылля (304,7 тыс. кв. м пры плане 288 тыс. кв. м). На зноў створаныя працоўныя месцы працаўладкаваны 4231 чалавек пры заданні 3300. Павялічылася вытворчасць электрарухавікоў і генератараў, трыкатажных вырабаў, шкловалакна, ільнавалакна, агародніны, малака, пагалоўе свіней, кароў і інш.
У той жа час тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту за 2016-ы склаў 93,9% да ўзроўню 2015-га. Па гэтай прычыне ў шэрагу арганізацый узнікалі цяжкасці з выплатай зарплаты ва ўстаноўленыя тэрміны. На 1 студзеня гэтага года 58 арганізацый мелі запазычанасць на агульную суму 2,2 млн руб., у асноўным гэта сельгаспрадпрыемствы. У сувязі з недастатковай загружанасцю вытворчых магутнасцей і іншымі фактарамі 36,5 тыс. работнікаў, або 9,8% ад сярэднямесячнай колькасці, знаходзіліся ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці, а 15,8 тыс. (4,2%) – у цэладзённым прастоі. Гэтая праблема не вырашана ў прамысловасці і будаўнічай галіне.
Намеснік старшыні абласнога аб'яднання прафсаюзаў Віктар Лугаўцоў паведаміў, што за 2016 год створана 90 першасных
прафсаюздных арганізацый, упершыню заключана 96 калектыўных дагавораў. Аднак толькі 30% прадпрыемстваў са складаемых у рэестры (309) папоўнілі прафсаюзныя шэрагі, а 110 працоўных калектываў, дзе ёсць прафпервічкі (у тым ліку 25% – з рэальнага сектара эканомікі), працуюць без калектыўных дагавораў.Прафсаюзнымі тэхінспектарамі працы выяўлена 8600 парушэнняў, наймальнікам выдадзена 815 прадстаўленняў і рэкамендацый, прыпынена праца 20 адзінак абсталявання. Разам з тым 19 работнікаў загінула, 99 цяжка траўміравана. Па патрабаванні прафсаюзаў наймальнікамі ўстаранавана 5700 парушэнняў заканадаўства аб працы, работнікам вернута больш за 720 тыс. руб. незаконна ўтрыманых або невыплачаных сум заробку.
Старшыня, дырэктар выканаўчай дырэкцыі абласнога саюза наймальнікаў Уладзімір Туравінаў распавёў аб удзеле прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі Віцебшчыны ў інвестыцыйных і эканамічных форумах, супрацоўніцтве з замежнымі калегамі, дапамозе прадпрыемствам вобласці ў пошуку новых рынкаў збыту для выпускаемай прадукцыі. Звыш 70% яе экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю.
Прадпрымаюцца крокі па наладжванні эфектыўных кантактаў з Валгаградскай і Астраханскай абласцямі РФ, далейшым развіцці адносін з Цвярской. Для больш выніковай працы па ўсіх напрамках са прадстаўнікоў абласнога савета наймальнікаў, СЭЗ «Віцебск», абласнога цэнтра маркетынгу, аддзялення гандлёва-прамысловай палаты і іншых зацікаўленых бакоў створаны каардынацыйны савет.
На пасяджэнні ішла размова і аб сацыяльнай адказнасці пры рэструктурызацыі прадпрыемстваў, гарантыі падаўжэння тэрмінаў кантрактаў для работнікаў, якія маюць высокую кваліфікацыю і працяглы стаж працы на адным месцы. Мінімізацыя негатыўных наступстваў магчыма за кошт стварэння новых
працоўных месцаў, пераабучэння персаналу, садзейнічання ў пошуку работы з выплатай дапамогі па беспрацоўі і інш. Гэта актуальна ва ўмовах рэалізацыі Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
Падводзячы вынікі абмеркавання, першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Грэбнеў падкрэсліў, што агульная мэта на найбліжэйшую перспектыву – павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і заработнай платы работнікаў ва ўсіх галінах. У заключэнне былі ўзнагароджаны пераможцы абласнога конкурсу сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў, распрацоўшчыкаў і канструктараў па выніках мінулага года.
ГАЛІНА ШПАКОЎСКАЯ, Фота Антона Сцепанішчава, «Віцебскія вясці».