Таленавітыя навучэнцы і студэнты сабраліся на фестывалі "Студэнцкая аграрная вясна-2009" у Віцебску

6 мая, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Адораныя навучэнцы і студэнты з усіх рэгіёнаў Беларусі сабраліся на IV Фестываль "Студэнцкая аграрная вясна-2009" у Віцебску. Як расказаў карэспандэнту БЕЛТА першы сакратар ЦК БРСМ Юрый Крывадубскі, у гэтым ужо традыцыйным свяце сёлета прымаюць удзел каманды ў складзе трох-пяці чалавек ад ВНУ або ССНУ аграрнага профілю. Па словах моладзевага лідара, вырашэнне праблем вёскі - адно з прыярытэтных у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. "Менавіта таму БРСМ палічыў сваім абавязкам актыўна ўключыцца ў мерапрыемствы прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў. А фестываль - гэта найлепшая форма ўцягнуць юнакоў і дзяўчат у дыялог, паказаць ім усё тое лепшае, што захоўвае наша родная зямля, пагаварыць з імі на тэму выбару прафесіі і свайго месца ў жыцці", - адзначыў Юрый Крывадубскі. Сёння ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны ў фармаце фестывалю адбудзецца злёт выдатнікаў вучобы. Сумесна з педагогамі і навукоўцамі на спецыяльным пасяджэнні круглага стала яны абмяркуюць праблемы і перспектывы развіцця галіны, магчымасці сумяшчэння вучобы і заняткаў навукай. "Умнікам" і "разумніцам" таксама прадастаўлена магчымасць наведаць НДІ біятэхналогій ВНУ. Цікавым абяцае быць сённяшні агляд-конкурс канцэртных праграм, які ўключае візітную картку "Я выбраў прафесію..." і праграму, падрыхтаваную па адной з шасці намінацый: аўтарская песня, інструментальнае мастацтва, вакальна-харавое мастацтва, харэаграфія, мастацкае чытанне і іншыя жанры. Творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы, якія прыехалі ў Віцебск, - пераможцы мясцовых аглядаў-конкурсаў аматарскай мастацкай творчасці. Закрые фестываль 7 мая гала-канцэрт і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Паралельна на фестывалі студэнты і навучэнцы выйшлі на спартыўныя пляцоўкі "Спортландыі-2009". Сярод каманд юных спартсменаў найлепшымі сталі навучэнцы Смілавіцкага каледжа. Арганізатарамі свята сёлета выступілі Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны пры актыўнай падтрымцы зааветэрынарнай асацыяцыі "Аграрная адукацыя, навука і вытворчасць" і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Характэрна, што сёлетні год для Віцебскай акадэміі - юбілейны, ёй спаўняецца 85 гадоў. Фестываль "Студэнцкая аграрная вясна-2009" стаў адным з першых мерапрыемстваў, прысвечаных дню нараджэння ВНУ.-0-