Адзінаццаць дыпломаў заваявалі віцебскія студэнты на конкурсе дызайну ўпакоўкі ў Маскве
2 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Адзінаццаць дыпломаў заваявалі студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта на міжнародным студэнцкім конкурсе на лепшы дызайн упакоўкі "Завадны апельсін-2009" у Маскве, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дацэнт кафедры дызайну ўніверсітэта Наталля Тарабука.
У актыве віцябчан тры залатыя, тры сярэбраныя і пяць бронзавых узнагарод. Работы яшчэ сямі віцебскіх конкурсантаў адзначаны дыпломамі заснавальнікаў і партнёраў.
Сёлета на конкурсе былі прадстаўлены 283 работы студэнтаў з 33 навучальных устаноў Беларусі, Расіі, Арменіі і Украіны, пераможцы вызначаліся па 7 намінацыях.
Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт удзельнічае ў гэтым конкурсе з 1998 года. "На гэты раз мы зрабілі стаўку на выкарыстанне ў конкурсных работах натуральных матэрыялаў (лён, небялёны і гафрыраваны кардон) і мінімалісцкіх канцэпцый у галіне дызайну, што з'яўляецца асноўнай тэндэнцыяй у гэтай сферы", - адзначыла Наталля Тарабука.
"Залатая" работа Вольгі Аўчыннікавай - упакоўка для элітнага кава "Black Harmony" - адзначана журы як найбольш дакладнае трапленне ў вобраз якаснага кава. Залатым дыпломам уганаравана серыя упаковак для гарбаты "Atea" Алены Сінельнік, у якой аўтар прапанавала цікавае канструктыўнае рашэнне для чайных пакуначакаў - яны выцягваюцца з скрынкі праз прарэз і адрываюцца па меры неабходнасці. Лепшай прызнана і работа Наталлі Шышкінай "Упакоўка для швейнай фурнітуры "Button" ("гузікі") - вельмі тонкі, элегантны праект, прапанаванае віцябчанкай рашэнне фактычна ператварыла ўпакоўку ў упрыгожанне.
Удзел у такіх конкурсах дае студэнтам магчымасць праверыць свае сілы і патэнцыял на самым высокім узроўні, атрымаць належную ацэнку прафесіяналаў, быць у курсе тэндэнцый, якія дамінуюць у прафесійным асяроддзі, адзначыла Наталля Тарабука.
Арганізатарамі конкурсу выступаюць некамерцыйнае партнёрства "Цэнтр упакоўкі, этыкеткі, дызайну", Палітэхнічны музей (Масква) і часопіс "Тара и упаковка" пры падтрымцы падкамітэта ГПП РФ па развіцці ўпаковачнай індустрыі, расійскай Нацыянальнай канфедэрацыі ўпакоўшчыкаў, Саюза дызайнераў Расіі і Еўрапейскага інстытута ўпакоўкі.-0-