Адзінаццаць навучэнцаў Віцебскай вобласці сталі прызёрамі міжнародных прадметных алімпіяд за тры гады
11 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Адзінаццаць навучэнцаў Віцебскай вобласці сталі прызёрамі міжнародных прадметных алімпіяд за апошнія тры гады, у тым ліку чатыры юных таленты заваявалі сярэбраныя і бронзавыя ўзнагароды на алімпіядах у 2009 годзе. Пра гэта паведаміла прарэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларыса Зянькова на міжрэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі "Адораныя дзеці: выяўленне, навучанне, развіццё", якая праходзіць сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Удзел у алімпіядным руху, конкурсах, выстаўках, канферэнцыях з'яўляецца адным з найбольш масавых напрамкаў работы з адоранымі дзецьмі, а таксама формай выяўлення здольных і таленавітых юных грамадзян. На працягу апошніх сямі гадоў вобласць утрымлівае лідарства ў краіне па колькасці пераможцаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. У 2009 годзе на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды навучэнцы вобласці атрымалі 101 дыплом, у тым ліку 14 дыпломаў I ступені. Акрамя таго, у вобласці за апошнія 1,5 года праведзена 18 абласных дыстанцыйных алімпіяд па розных прадметах, у якіх прынялі ўдзел больш за 12 тыс. вучняў пачатковай школы і 5-8 класаў. "Вынікі работы ў гэтым напрамку дазваляюць гаварыць аб дыстанцыйных алімпіядах і конкурсах як аб найбольш эфектыўных формах выяўлення адораных школьнікаў, якія спрыяюць развіццю матывацыі і фарміраванню ўніверсальных кампетэнцый дзяцей", - адзначыла Ларыса Зянькова.
У вобласці створана і дзейнічае 270 навуковых таварыстваў навучэнцаў, сярод якіх 130 - у пачатковых класах. Работы юных даследчыкаў выклікаюць цікавасць і грамадскае прызнанне. Калі ў 2005 годзе дыпламантамі міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый сталі 34 юных віцябляніны, то ў 2009-м ужо 139 навучэнцаў, з іх 88 - на міжнародных канферэнцыях. Выяўленню, падтрымцы адораных дзяцей у сферы мастацка-эстэтычнай дзейнасці, развіццю іх творчага патэнцыялу спрыяе шматузроўневая сістэма конкурсаў-фестываляў. Па выніках удзелу ў конкурсах і спаборніцтвах віцебскія выхаванцы заваявалі 7 прызавых месцаў у камандным заліку і больш за 20 у асабістым заліку на мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню, больш за 30 узнагарод у камандным і асабістым заліках на рэспубліканскіх конкурсах.
Поспехі і перамогі адораных дзяцей на розных мерапрыемствах пры гэтым не павінны стаць галоўным і адзіным крытэрыем якасці праводзімай работы, падкрэсліла Ларыса Зянькова. Тым больш што існуе паняцце "эксплуатацыя адоранасці" адных і тых жа дзяцей, што пагражае маральна-псіхалагічнымі перагрузкамі, стратай фізічнага і псіхічнага здароўя. "Гаворачы аб выніковасці работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі, неабходна часцей звяртацца да такіх параметраў развіцця дзіцяці, як шырата кругагляду, міждысцыплінарнае сістэмнае мысленне, ступень авалодання ключавымі кампетэнцыямі, пазітыўнае прафесійнае і жыццёвае самавызначэнне, і іншыя", - дадала спецыяліст.-0-