Адным з механізмаў развіцця АПК у Віцебскай вобласці стане павышэнне заробку спецыялістам галіны жывёлагадоўлі
Крок наперад
Па словах старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, цяпер АПК Віцебшчыны фарміруе трэць валавога рэгіянальнага прадукту (без уліку нафтаперапрацоўкі і энергетыкі). За апошнія пяць гадоў доля галіны ў ВРП павялічылася ў 1,6 раза.
Кожны пяты рубель валютнай выручкі прыпадае на АПК, які экспартуе прадукцыю ў 33 краіны свету і 80 рэгіёнаў Расіі на суму каля 400 млн долараў.
Сёння ў галіне заняты 48 тыс. чалавек, яна ўключае ў сябе 255 сельгасарганізацый, 386 фермерскіх гаспадарак, 45 перапрацоўваючых, дзевяць абслугоўваючых і 22 меліярацыйныя прадпрыемствы, 256 гандлёвых аб'ектаў канцэрна «Мяса-малочныя прадукты».
На прадпрыемствах харчовай прамысловасці ў параўнанні з 2013 годам дабаўленая вартасць на аднаго работніка ўзрасла больш чым у тры разы і склала каля 15 тыс. долараў. Прыкладна столькі ж павялічыўся выпуск таварнай прадукцыі. Гэта сведчыць аб тым, што работнікі АПК незалежна ад абставін, што склаліся, годна выконваюць свой доўг перад грамадствам.
У апошнія гады на ўзроўні 1 млн т захоўваецца вытворчасць збожжа, 750 тыс. – малака. Амаль у кожным рэгіёне ёсць прыклады эфектыўна працуючых гаспадарак, у тым ліку СПК «Ларынаўка» (Аршанскі раён), філіял «Віроўлянскі» ІП «Дзіцячасельскі-Гарадок» (Гарадоцкі раён), СХП «Мазалавагаз» УП «Віцебскаблгаз» (Віцебскі раён), ААТ «Шайцерава» (Верхнядзвінскі раён), філіял «Вясна-энерго» РУП «Віцебскэнерго» (Полацкі раён).
Для развіцця АПК вобласці і эфектыўнага яго функцыянавання два гады таму былі створаны чатыры інтэграцыйныя структуры, у якія ўваходзяць сельскагаспадарчыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы, фірменны гандаль. За гэты час яны нарасцілі выпуск сельскагаспадарчай прадукцыі на 22,2%, таварнай – у 1,3 раза. У 2017 годзе амаль напалову больш намалочана збожжа і рапсу.
Найбліжэйшыя планы
У першую чаргу гэта стварэнне буйных фарміраванняў на базе эфектыўна працуючых малочнатаварных ферм (Пастаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі). Упор таксама будзе зроблены і на шматпрофільныя прадпрыемствы, такія, як Віцебская бройлерная птушкафабрыка, ААТ «Аграфірм «Юбілейны» Аршанскага раёна, СПК «Маяк Браслаўскі». Яны стануць маякамі вытворчасці і паступова паглынуць бесперспектыўныя гаспадаркі.
У малочным жывёлагадоўлі стаўка робіцца на будаўніцтва ферм на 2 тыс. галоў. У свінагадоўлі чакаецца ўзвядзенне чатырох рэпрадуктараў, яны забяспечаць пагалоўем дзеючыя свінагадоўчыя комплексы, якія будуць выкарыстоўвацца як пляцоўкі для адкорму. Плануецца абнаўленне сяла высокапрадукцыйнай і энергонасычанай тэхнікай.
Не застануцца па-за ўвагай і фермеры. Кіраўніком дзяржавы і ўрадам прыняты шэраг нарматыўных дакументаў па развіцці прадпрымальніцтва, у тым ліку і сельскага. Ёсць магчымасць атрымаць льготны крэдыт, кампенсацыю працэнтаў па крэдытах з бюджэту, набыць тэхніку і абсталяванне ў лізінг.
Адным з напрамкаў спецыялізацыі фермерскіх гаспадарак з улікам мадэрнізацыі Віцебскага футравага камбіната і развіцця цэха дзіцячага харчавання на Аршанскім мясакамбінаце могуць стаць авечкагадоўля і мясная жывёлагадоўля. Улады гатовыя да супрацоўніцтва і аказання ўсялякай дапамогі.
За апошнія гады шмат зроблена для стратэгічнага развіцця рэгіёна. Нездарма ўрадам Беларусі створана рабочая група для выпрацоўкі прапаноў па стабілізацыі фінансавага стану і эфектыўнаму развіццю АПК на прыкладзе Віцебскай вобласці. Днямі прайшло яе першае пасяджэнне.
Прыцягнуць спецыялістаў
Адным з галоўных выклікаў сельскагаспадарчай галіны застаецца дэфіцыт кадраў. Калі з аграномамі і інжынерамі сітуацыя больш-менш стабільная, то ў жывёлагадоўлі яна абвастраецца. Забяспечанасць заатэхнікамі і ветэрынарамі складае 83% і 78% адпаведна.
Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Анжаліка Нікіціна расказала пра новую сістэму аплаты працы ў жывёлагадоўлі, прызваную прыцягнуць на вёску маладых і высокакваліфікаваных спецыялістаў. Зарплата значна вырасце ў заатэхнікаў, ветэрынараў, тэхнікаў па штучным апладненні жывёлы, загадчыкаў фермамі і іншых жывёлагадоўчых структурных падраздзяленняў гаспадарак.
Напрыклад, устаноўлены тарыфны аклад галоўнага спецыяліста ў памеры 915 руб., спецыяліста сярэдняга звяна – 763 руб. У залежнасці ад пагалоўя 610 – 763 руб. мінімальна будзе атрымліваць загадчык фермай. За кожны працэнт прыросту прадукцыі ўсім налічваецца даплата да 150%. Пры выкананні асноўных якасных параметраў працы тэхнік-апладнік зможа штомесяц зарабляць амаль 2 тыс. руб.
Напярэдадні вясенніх палявых работ перагледжана сістэма аплаты працы для механізатараў, якая стала больш гнуткай. Разлік устаноўлены за 1 га. З улікам перавыканання нормы трактарыст на падрыхтоўцы глебы будзе зарабляць 120 руб. у дзень, сяўбе – 120 – 150 руб., даглядальных работах і вывазцы арганікі адпаведна 100 і 80 і вышэй.
У мэтах матывацыі да высокапрадукцыйнай працы плануецца паэтапны рост зарплаты і ў іншых катэгорый работнікаў.
Вучыцца на практыцы
Для навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі сельскагаспадарчага профілю павялічыцца тэрмін практыкі да 2,5 месяца за год. Пазнаваць азы прафесіі яны будуць толькі ў 99 лепшых гаспадарках.
Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома расказаў, што ў перыяд палявых работ плануецца задзейнічаць больш за 1000 навучэнцаў, якія змогуць працаваць у тым ліку ў якасці трактарыста.
Шэсць месяцаў практыкі будзе ў студэнтаў акадэміі ветэрынарнай медыцыны. За гэты час яны змогуць прайсці ўсе этапы сельгасвытворчасці.
Увага тэхналогіям
Ставячы задачы на будучую пасяўную, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Іван Фёдараў паведаміў, што зацверджана структура пасяўных плошчаў, па распараджэнні кіраўніка дзяржавы выдзелены таварны крэдыт на 8,2 тыс. т паліва.
Інтэграцыйныя структуры пад поўную патрэбнасць забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі. Днямі вырашана пытанне па выдзяленні неплацежаздольным гаспадаркам 6 тыс. т дзеючага рэчыва з адтэрміноўкай плацяжу да 1 верасня пад разлік збожжам. Тэхніка гатовая на 90%, і яе дастаткова для выканання ўсіх работ. За выключэннем надвор'я, няма стрымліваючых фактараў для пачатку пасяўной.
Мікалай Шарстнёў завастрыў увагу на строгім выкананні тэхналогіі. Калі зрабіць усё правільна, то без прыцягнення дадатковых сродкаў можна ў разы больш атрымаць выхад кармавых адзінак, нарыхтаваць неабходны запас кармоў. І ў выніку павялічыць не толькі аб'ём прадукцыі, але і максімальна загрузіць магутнасці перапрацоўваючых прадпрыемстваў, тым самым прырасці па даходах.
Мікалай Шарстнёў адзначыў, што папярэднія два гады былі складанымі: дажджы, халады, пераўвільготненая глеба. Але цяжкасці закалілі сейбітаў. Гаспадаркі акаляцелі тэхнічна, сталі больш арганізавана праводзіць сельгасработы, павысілася адказнасць. Пры ўсіх праблемах закупляецца тэхніка, пастаўляюцца ўгнаенні.
– Перш за ўсё жадаю добрага надвор'я, – сказаў на заканчэнне Мікалай Мікалаевіч.