Аднымі нотамі заваявалі сэрца Полацка-юбіляра беларускія памежнікі
25 мая, Полацк /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Аднымі нотамі заваявалі сэрца юбіляра-Полацка беларускія памежнікі. Плац-канцэрт узорна-паказальнага аркестра памежнай службы Рэспублікі Беларусь з поспехам прайшоў на плошчы Францыска Скарыны ў Полацку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Аркестр духавых інструментаў выканаў папулярныя джазавыя і эстрадныя кампазіцыі, ваенныя маршы і беларускія народныя песні. Гледачоў падкупілі не толькі выканальніцкае майстэрства, але і разнапланавасць талентаў музыкаў. Па сігнале дырыжора яны станавіліся то хорам, то танцавальным калектывам. Ды і сам дырыжор не толькі кіраваў вялікім аркестрам, але яшчэ і спяваў, танцаваў і аказаўся выдатным шоу-мэнам. Таленты вартавых граніцы не засталіся неацэненымі: гледачы, а іх сабралася некалькі соцень чалавек, не шкадавалі апладысментаў, ну а праводзілі ваенны аркестр з плаца авацыяй і кветкамі.
Апладысментаў і кветак у палачан хопіць на ўсіх артыстаў, якія прыедуць павіншаваць іх старажытны і вечна малады горад з 1150-годдзем. Горад замер у чаканні ўрачыстага адкрыцця свята, якое адбудзецца сёння. -0-