Аднадзённая акцыя "Падарунак музею" пройдзе ў віцебскай Ратушы 17 мая
Віцебскі абласны краязнаўчы музей 17 мая правядзе аднадзённую акцыю "Падарунак музею", паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
Супрацоўнікі музея прапануюць жыхарам вобласці ўнесці асабісты ўклад у папаўненне музейных калекцый і перадаць у дар установе старыя фатаграфіі, дакументы, рукапісныя або друкаваныя кнігі, значкі, медалі, манеты, прадметы адзення, аксэсуары, посуд, дзіцячыя цацкі, прадметы побыту, якія захаваліся ад бабуль і дзядуляў. "Жадана, каб гэтыя прадметы адлюстроўвалі самабытнасць, перадавалі асаблівасці Віцебшчыны або з'яўляліся б характэрнымі, тыповымі для пэўнага перыяду ў гісторыі нашага рэгіёна. Стаўшы музейнымі прадметамі, гэтыя рэчы атрымаюць новы статус і новае жыццё, будуць прадстаўлены на выставах і экспазіцыях", - растлумачылі ў музеі.
Сярод прадметаў, перададзеных у дар музею, будзе абвешчаны конкурс па некалькіх намінацыях: "Першы", "Легенда", "Самы старажытны", "Сімвал эпохі", "Рарытэт", "Мэмарыяльны прадмет". Вынікі конкурсу будуць падведзены ў Ратушы непасрэдна ў дзень правядзення акцыі. Кожны ўдзельнік акцыі атрымае дыплом дарыльшчыка і спецыяльны прыз. Дадатковыя ўзнагароды чакаюць пераможцаў ва ўсіх намінацыях.
Алена Ціханава