Афіцыйныя дэлегацыі 16 гарадоў-партнёраў прымуць удзел ва ўрачыстасцях у гонар 1150-годдзя Полацка

22 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Афіцыйныя дэлегацыі 16 гарадоў-партнёраў Полацка прымуць удзел ва ўрачыстасцях у гонар 1150-годдзя найстаражытнейшага беларускага горада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Полацкага гарвыканкама. Сярод іх гарады Расійскай Федэрацыі, Украіны, Літвы, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Германіі. Пералік партнёраў Полацка папоўніцца проста ў дні ўрачыстасцей. Як чакаецца, 26 мая ва ўрачыстай абстаноўцы будзе заключаны дагавор аб супрацоўніцтве ў эканамічнай і культурнай сферах з армянскім Алаверды. Разам з прадстаўнікамі гарадоў, якія заключылі з Полацкам пагадненні аб партнёрстве, павіншаваць юбіляра прыедуць дэлегацыі з старажытнага Ізборска - расійскага аднагодка Полацка, Малаяраслаўца - горада, дзе як і ў Полацку быў адноўлены помнік у гонар перамогі рускай зброі ў Айчыннай вайне 1812 года. Дарэчы, новы малаяраслаўскі помнік адлівалі полацкія майстры. Сярод замежных гасцей кіраўнікі сямі пасольстваў. Свой удзел ужо пацвердзілі дыпламатычныя місіі Расіі, Украіны, Арменіі, Вялікабрытаніі, Кітая, Эстоніі, Ірана. Акрамя замежных дэлегацый і гасцей на святы ў Полацк прыедзе нямала турыстаў. Для іх зручнасці на афіцыйным сайце гарвыканкама створана спецыяльная старонка, дзе можна азнаёміцца з праграмай мерапрыемстваў, схемай размяшчэння аб'ектаў у зоне святкавання і даведацца нямала іншай карыснай інфармацыі. Афіцыйны старт урачыстасцям будзе дадзены 25 мая, яны працягнуцца да 5 чэрвеня. Кожны дзень святаў абяцае нямала прыемных сюрпрызаў і забаў - ад кірмашовага гандлю да сустрэчы з сярэднявечнымі рыцарамі. А для тых, хто не зможа пабываць на юбілеі самага старажытнага беларускага горада, але захоча даведацца пра гэта падрабязней, будуць працаваць журналісты. Больш за сто прадстаўнікоў СМІ акрэдытаваны на ўрачыстасцях у Полацку.-0-