Афіцыйны прыродны сімвал раёна вызначацьмуць на Чашніччыне

Чашніцкі раён уключыўся ў «выбарачную» барацьбу, у якой удзельнічаюць пяць кандыдатаў на атрыманне статусу афіцыйнага прыроднага сімвала раёна. Па ўзгадненні з ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» імі сталі азёрная чайка, вялікая белая чапля, звычайная лазораўка, звычайны рэмез і спеўны дрозд.


Цяпер у раёне праходзяць прэзентацыі птушак-кандыдатаў, пра іх расказваюць на днях інфармавання насельніцтва і іншых мерапрыемствах, у публікацыях у СМІ, спецыяльных улётках, каб як мага больш жыхароў пазнаёміліся з прэтэндэнтамі. Пачалося галасаванне на сайце райвыканкама – толькі за першыя два дні ў ім узяло ўдзел звыш 70 чалавек. У «выбарачнай гонцы» пакуль лідзіруюць звычайны рэмез і вялікая белая чапля. Галасаванне працягнецца прыкладна да Новага года. Потым па яго выніках пройдзе «інаўгурацыя» – зацвярджэнне птушкі афіцыйным сімвалам Чашніччыны на сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Як расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Бондар, прыродны сімвал раёна можа выкарыстоўвацца для развіцця экатурызму. Яго выяву будуць змяшчаць на інфармацыйнай прадукцыі, сувенірах і г.д. Акрамя гэтага, незвычайныя выбары садзейнічаюць экалагічнаму выхаванню насельніцтва, прыцягненню ўвагі да біялагічнай разнастайнасці роднага краю.

Алена Целятко, «Віцебскія весці». Фота з адкрытых крыніц.