Велізарны ровар пабудуюць удзельнікі флэшмобу ў Полацку

У Полацку ўдзельнікі флэшмобу выбудуюць велізарны ровар у дні правядзення Еўрапейскага тыдня мабільнасці, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

Да еўрапейскай акцыі палачане далучацца 16-21 верасня. У горадзе пройдзе шэраг цікавых мерапрыемстваў, накіраваных на прыцягненне ўвагі да альтэрнатыўнага аўтамабілям транспарту. Так, 17 верасня веласіпедыстаў, якія ўпэўнена адчуваюць сябе, запрашаюць паўдзельнічаць у гарадской велагонцы-крытэрыуме "Мае ногі - мая хуткасць", якая пачнецца а 11.00 на праспекце Ф.Скарыны. Навічкоў чакаюць на плошчы Свабоды на майстар-класе па кіраванні роварам і веэўроку "Культура паводзін і кіравання на дарозе", падчас якога абяцаюць навучыць нескладаным трукам.

Моладзевы забег на роварах, самакатах, роліках і любых іншых "зялёных" варыянтах перамяшчэння пройдзе 21 верасня. Пасля спаборніцтва жадаючыя змогуць прыняць удзел у грандыёзным флэшмобе: арганізатары прапануюць усім стаць часткай фігуры, якая выяўляе велізарны ровар. Ужо вядома, што да акцыі далучыцца больш за 300 чалавек навучэнскай і працоўнай моладзі. Яшчэ адным цікавым мерапрыемствам гэтага дня стане велаэкскурсія для школьнікаў "Полацк у легендах".

БЕЛТА.