Каля 10 дашкольных устаноў неабходна пабудаваць у Віцебскай вобласці ў бліжэйшы час
25 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 10 новых дашкольных устаноў неабходна пабудаваць у Віцебскай вобласці ў найбліжэйшы час. Пра гэта заявіў сёння журналістам намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно. Ён прымае ўдзел у абласной педагагічнай канферэнцыі, прысвечанай пачатку новага навучальнага года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У вобласці неабходна асаблівую ўвагу надаць будаўніцтву новых дашкольных устаноў, у прыватнасці, у Віцебску, Оршы, Полацку. Пры гэтым Казімір Фарыно адзначыў, што ў цэлым па рэгіёне працэнт ахопу дзяцей у сістэме дашкольнай адукацыі адзін з самых высокіх у краіне. "Нас таксама задавальняе ўзровень пастаноўкі аздараўленчай работы ва ўстановах сістэмы дашкольнай адукацыі рэгіёна, у тым ліку павелічэнне санаторных груп з асаблівым рэжымам работы з дзецьмі", - сказаў намеснік міністра.
Выказваючы задавальненне сістэмай агульнай сярэдняй адукацыі вобласці, Казімір Фарыно акцэнтаваў увагу на праведзенай рабоце па аптымізацыі яе структуры. Сёлета на Віцебшчыне закрыта крыху больш за 20 устаноў адукацыі, гэта самая вялікая колькасць у краіне ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Прычым мясцовыя органы ўлады падышлі да гэтага пытання вельмі ўважліва, забяспечаны падвоз вучняў у новыя школы, працаўладкаваны ўсе педагогі. У выніку аптымізацыя прайшла без нараканняў як з боку бацькоў, так і настаўнікаў. І прыярытэтам у гэтым працэсе з'яўляліся не фінансавыя пытанні, а павышэнне якасці адукацыі, якую складана забяспечыць у малакамплектных школах.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА наконт адзення школьнікаў і настаўнікаў, Казімір Фарыно паведаміў, што Міністэрства адукацыі прад'яўляе да яго адзіныя патрабаванні: яно павінна быць дзелавога стылю, элегантным і функцыянальным. "Ёсць адзіныя патрабаванні, але адсутнічаюць патрабаванні аднастайнасці адзення", - заўважыў ён. Сёння больш за 100 мадэляў дзіцячага школьнага адзення прапануюць айчынныя вытворцы. "Мы бачым праблемныя месцы і выразна вызначылі вытворцам, у якім напрамку працаваць для задавальнення растучых запытаў бацькоў", - дадаў намеснік міністра адукацыі. Галоўнае, каб школьнікі і настаўнікі былі прыгожымі, элегантнымі, адчувалі сябе годна і камфортна ў вучэбнай аўдыторыі.-0-