Каля 10 тыс. чалавек возьмуць удзел у тэатралізаваным шэсці па вуліцах Віцебска ў Дзень Незалежнасці

29 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 10 тыс. віцябчан стануць удзельнікамі тэатралізаванага шэсця па цэнтральных вуліцах абласнога цэнтра 3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні ідэалагічнай работы аблвыканкама. Традыцыйна мерапрыемства пройдзе пад сцягамі Віцебскай вобласці і Віцебска, якія будуць узняты ў эпіцэнтры ўрачыстасцей на плошчы Перамогі. Урачыстасці пачнуцца з ускладання вянкоў і кветак да Вечнага агню ля мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Пасля завяршэння цырымоніі адбудзецца мітынг з удзелам кіраўнікоў вобласці і горада, ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, моладзевых арганізацый, навучальных устаноў. Воінскія ўшанаванні аддадуць вайскоўцы часцей Віцебскага гарнізона. Ваенны рытуал дасць старт самаму маштабнаму этапу праграмы - тэатралізаванай дэманстрацыі. Сёлета пабудова калон будзе арганізавана па галінах, якія прадставяць працоўныя калектывы больш як 70 прадпрыемстваў, а таксама ўстаноў сацыяльнай сферы, сілавых структур. Кожная з калон будзе мець свае асаблівасці як у тэматычным афармленні, так і па складзе ўдзельнікаў. Упершыню па вуліцах Віцебска праедзе БелАЗ, навінкі сельгас тэхнікі прадэманструюць сельгаспрадпрыемствы Віцебскага раёна. Замыкаць калону будуць прадстаўнікі моладзі. У гэты дзень святочныя і забаўляльныя мерапрыемствы пройдуць на ўсіх канцэртных пляцоўках і ў паркавых зонах Віцебска, у райцэнтрах рэгіёна. У абласным цэнтры адной з "фішак" праграмы абяцае стаць водна-спартыўнае свята "Моладзь Прыдзвінскага краю" ў парку на беразе ракі Віцьба. Арганізатары запрашаюць віцябчан і гасцей горада паўдзельнічаць у народных гуляннях, розных спаборніцтвах і конкурсах. Фінальны канцэрт з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады адбудзецца на абноўленай плошчы Перамогі, дзе будзе разгорнута сцэнічная пляцоўка. Пад заслону святочнага шоў плошча ўпершыню стане месцам правядзення акцыі "Заспяваем гімн разам!", у якой саліраваць будуць вядучыя харавыя калектывы абласнога цэнтра. На апошніх акордах гімна неба над плошчай аздобіць агнямі салюту.-0-