Каля 10 тыс. адзінак матэрыялаў асабістых фондаў налічваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі

23 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Архіў дакументаў асабістага паходжання, які камплектуецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, налічвае ўжо каля 10 тыс. адзінак, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага архіва Вячаслаў Селяменеў. Ён прыняў удзел у прэзентацыі зборніка дакументаў "Віцебшчына вызваленая: кастрычнік 1943 - снежань 1945", якая прайшла сёння ў Віцебску. Нацыянальны архіў пастаянна праводзіць работу па выяўленні такіх дакументаў, пошуку і прыёму на захоўванне матэрыялаў асабістых архіваў, якія камплектуюцца ў архіве дакументаў асабістага паходжання. У асабістых фондах сустракаюцца ўнікальныя дакументы, фотаматэрыялы, звязаныя з рознымі перыядамі гісторыі Беларусі, адзначыў Вячаслаў Селяменеў. Толькі за апошнія два гады архівісты прынялі на захоўванне дакументы з асабістых архіваў выдатных айчынных дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў Кірыла Мазурава, Аляксандра Аксянова, кіраўнікоў партызанскага і падпольнага руху Васіля Коржа, Васіля Казлова, Івана Клімава і іншых. Матэрыялы асабістых фондаў, як правіла, невялікія, рэдка хто старанна займаецца фарміраваннем асабістага архіва. На захоўванне ў Нацыянальны архіў яны трапляюць у асноўным дзякуючы сваякам. Нядаўна ў дар Нацыянальнаму архіву былі перададзены ўнікальныя дакументы з асабістага архіва камісара адной з партызанскіх брыгад, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Яны былі выпадкова выяўлены ў адной з абласцей Расіі, дзе пасля вайны пражываў іх уладальнік. Сярод гэтых матэрыялаў апынуліся найцікавейшыя дакументы перыяду 1943 года: сапраўдныя данясенні, справаздачы партызанскага камандзіра і іншыя сведчанні таго перыяду Вялікай Айчыннай вайны, расказаў Вячаслаў Селяменеў.-0-