Каля 10 тыс. кансультацый правялі ўрачы за два дні выставы «Віцебшчына – за здаровы лад жыцця»

19 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 10 тыс. віцябчан атрымалі кансультацыі ўрачоў за два дні работы III Міжнароднай выстаўкі-кірмашу "Віцебшчына - за здаровы лад жыцця", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Больш за ўсё зваротаў прыйшлося на долю тэрапеўта, кардыёлага, алерголага, эндакрынолага. Таксама шмат пытанняў у насельніцтва ўзнікала па розных аспектах дзіцячага здароўя, анкалагічных захворваннях, пераадоленні алкагольнай і нікацінавай залежнасці. Пры гэтым многія наведвальнікі выстаўкі змаглі атрымаць кансультацыі розных спецыялістаў, а таксама даведацца аб альтэрнатыўных метадах лячэння (апітэрапіі, гірудатэрапіі) і скласці "пашпарт здароўя", дзе пазначаны фактары рызыкі здароўя, індэкс масы цела, рост, вага. Такі дакумент атрымалі каля 500 чалавек. Усяго на выстаўцы працуюць каля 15 урачоў. Важным складнікам выстаўкі-кірмашу з'яўляецца ўдзел у ёй прамысловых і харчовых прадпрыемстваў, якія шырока прадстаўляюць сваю прадукцыю. У гэтым годзе ў кірмашы прымаюць удзел вытворцы з Віцебскай і Мінскай абласцей, госці са Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расіі. Асноўная мэта выстаўкі, якая працягнецца да 20 лістапада, - інфармаванне насельніцтва па ўсіх аспектах здаровага ладу жыцця і прапаганда адказнага падыходу да свайго здароўя. За два гады правядзення яна ўжо заваявала стабільную цікавасць насельніцтва абласнога цэнтра, адзначылі спецыялісты.-0-