Каля 100 машын смецця і снегу прыбралі віцябляне на агульнагарадскім суботніку

29 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 100 машын смецця і снегу прыбралі віцябляне на агульнагарадскім суботніку, які адбыўся ў абласным цэнтры 27 сакавіка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела гарадской гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама Аляксандр Мамаеў. У першай у гэтым годзе прыборцы Віцебска прынялі ўдзел каля 3 тыс. гараджан. Агульнымі намаганнямі з вуліц горада было прыбрана 700 куб.м снегу і 240 куб.м смецця. "Аднак з першага разу цалкам навесці вясновы бляск у абласным цэнтры не ўдалося", - канстатаваў суразмоўца. Усё яшчэ ў непрывабным выглядзе застаюцца вуліцы Церашковай, Гагарына, Жасткова, Лазара, імя Савецкай Арміі, Ленінградская, Пакроўская, Горкага, Герцэна, П.Броўкі, канец праспекта Фрунзе. Дамагчыся жаданага выніку дапаможа месячнік па добраўпарадкаванні, абвешчаны ў Віцебску з 25 сакавіка па 30 красавіка. У мэтах больш актыўнага прыцягнення жыхароў і прадстаўнікоў арганізацый рознай формы ўласнасці да гэтага мерапрыемства гарвыканкам прыняў рашэнне аб аказанні падтрымкі ўдзельнікам акцыі: пры наяўнасці спецыяльнай адзнакі адміністрацыі свайго раёна транспарт са смеццем на гарадскім палігоне і спецыяльнай пляцоўцы будзе прымацца без аплаты, дадаў Аляксандр Мамаеў.-0-