Каля 100 мерапрыемстваў па развіцці вытворчасці на вёсцы трэба выканаць у 2009 годзе ў Віцебскай вобласці
5 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці сёлета трэба выканаць каля 100 мерапрыемстваў па развіцці вытворчай сферы на вёсцы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
У прыватнасці, будзе весціся рэканструкцыя і тэхнічнае перааснашчэнне 27 малочнатаварных ферм, 3 комплексаў па вырошчванні і адкорме свіней, 2 комплексаў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы.
Як адзначылі ў камітэце, нароўні з вытворчай сферай развіваецца сацыяльная інфраструктура. За перыяд рэалізацыі дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла пабудавана амаль 6 тыс. жылых дамоў, адкрыта 11 устаноў адукацыі новага тыпу - гімназій, прафесійных ліцэяў, створана 75 амбулаторый агульнай урачэбнай практыкі, дадаткова ўведзена звыш 100 міні-крам, яшчэ больш за 1 тыс. гандлёвых аб'ектаў адрамантавана.
Разам з тым 157 аб'ектаў у аграгарадках, уведзеных у 2006-2008 гадах, засталіся незавершанымі. На завяршэнне работ неабходна Br60 млрд. У цэлым па вобласці ў аварыйным стане знаходзіцца 153 жывёлагадоўчыя памяшканні, у тым ліку 41 малочнатаварная ферма. Амаль 2 тыс. памяшканняў ферм эксплуатуюцца больш за 25 гадоў.
Па даных камітэта эканомікі, у студзені-красавіку бягучага года тэмпы росту аб'ёмаў вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгасарганізацыях склалі 110,6%. Вытворчасць малака за 4 мес. у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага ўзрасла на 10,8%. У летне-пашавы перыяд намечана нарасціць вытворчасць малака яшчэ на 25% да ўзроўню 2008 года.-0-