Каля 100 прадпрыемстваў прадставяць прадукцыю на кірмашы "Віцебская вясна"

21 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Кірмаш "Віцебская вясна" пройдзе ў абласным цэнтры з 22 красавіка па 2 мая і збярэ каля 100 вытворцаў з усёй Беларусі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры маркетынгу. Галоўнымі падзеямі кірмашу стануць выставы "Дом і сад" і "Здароўе і прыгажосць", якія традыцыйна праходзяць у Віцебску ў гэты час года. Павільёны размесцяцца ў цэнтры горада на плошчы Свабоды. Акрамя таго, на адкрытай пляцоўцы запланавана правядзенне канцэртаў калектываў мастацкай самадзейнасці абласнога цэнтра і разнастайных латарэй. Тут жа будзе арганізаваны продаж малых формаў ландшафтнага дызайну, саджанцаў, кветак і зялёных насаджэнняў. Для гараджан і гасцей горада разгорнуць летнія кафэ прадпрыемствы грамадскага харчавання. Падчас работы "Віцебскай вясны" можна будзе азнаёміцца з сучаснымі метадамі і тэхналогіямі добраўпарадкавання жылля і прысядзібнага ўчастка, навінкамі будiндустрыi, будаўнічымі матэрыяламі. Наведвальнікі змогуць набыць мэблю і вырабы з дрэва, садовую атрыбутыку і інвентар. Акрамя таго, удзельнікі выставы "Здароўе і прыгажосць" прадставяць шырокі выбар тавараў для здаровага ладу жыцця, а таксама пазнаёмяць з новымі калекцыямі адзення, тэкстыльнымі, футравымі і скуранымі вырабамі, касметыкай і біжутэрыяй. Арганізатарамі кірмашу "Віцебская вясна" выступаюць Віцебскі гарвыканкам і камунальнае кансалтынгавае ўнітарнае прадпрыемства "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу".-0-