Каля 115 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у масавых мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі

10 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 115 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у масавых гуляннях з нагоды Дня Перамогі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама. Усе мерапрыемствы, арганізаваныя ў рэгіёне 9 мая, прайшлі спакойна, без парушэнняў грамадскага парадку, адзначылі ва УУС. У абласным цэнтры ўдзельнікамі святочнага шэсця сталі больш за 7,5 тыс. гараджан, якія прадстаўляюць прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы. Яшчэ звыш 2 тыс. чалавек сабраліся на мітынгу на плошчы Перамогі ля мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Асноўнай культурнай пляцоўкай горада стала плошча Перамогі, дзе на працягу дня праводзілася забаўляльная праграма з выступленнем артыстаў устаноў адукацыі, цэнтра культуры "Віцебск", а ўвечары адбыўся вечаровы салют. Не менш папулярным месцам адпачынку 9 мая стаў для гараджан Парк імя Савецкай Арміі. Паспяхова прайшлі і іншыя святочныя мерапрыемствы, арганізаваныя ва ўсіх мікрараёнах Віцебска, а таксама гарадах і раённых цэнтрах.-0-