Каля 12% працаздольнага насельніцтва Віцебскай вобласці занята ў прыватным сектары эканомікі

29 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Звыш 70 тыс. чалавек, або каля 12% працаздольнага насельніцтва, заняты ў недзяржаўным сектары эканомікі Віцебскай вобласці, уносячы ўсё больш важкі ўклад у развіццё рэгіёна. Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч сёння на канферэнцыі "Эфектыўныя тэхналогіі паспяховага бізнесу", якая праходзіць у рамках II Міжнароднага эканамічнага форуму "Твой бізнес" у Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У вобласці дзейнічаюць каля 6 тыс. камерцыйных прадпрыемстваў і амаль 30 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. За апошнія гады ў галіновай структуры бізнесу ўзрасла доля прамысловых прадпрыемстваў, суб'ектаў гаспадарання, якія займаюцца гандлем і аказаннем транспартных паслуг. Пры гэтым прыватныя прамысловыя прадпрыемствы забяспечваюць занятасць каля 45% ад агульнай колькасці працуючых у малым бізнесе. Штогод з абласнога бюджэту на падтрымку развіцця прадпрымальніцтва выдзяляюцца фінансавыя рэсурсы, у параўнанні з 2000 годам іх аб'ём павялічыўся ў 5 разоў. "Мы лічым, што і гэтых сродкаў недастаткова, пры падрыхтоўцы праекта бюджэту вобласці на 2010 год уносім прапановы па павелічэнні такога фінансавання", - сказаў Алег Мацкевіч. Сёння ключавымі напрамкамі росту эканомікі вобласці з'яўляюцца інавацыі, нарошчванне экспарту прадукцыі, зніжэнне энерга- і матэрыялаёмістасці, павышэнне якасці, развіццё кааперацыйных адносін паміж буйнымі і малымі прадпрыемствамі. "Мы разлічваем, што прадпрымальніцкія структуры прымуць актыўны ўдзел у вырашэнні гэтых задач", - адзначыў Алег Мацкевіч. Канферэнцыя з'яўляецца асноўным мерапрыемствам II Міжнароднага эканамічнага форуму "Твой бізнес", на якім прадстаўлены сучасныя метады арганізацыі і вядзення бізнесу, перспектыўныя рашэнні ў галіне менеджменту і маркетынгу як складнікаў канкурэнтаздольнага прадпрыемства. У гэтым годзе цікавасць да праекта праявілі прадстаўнікі дзелавых колаў Расіі і Славакіі, а таксама каля ста прадстаўнікоў айчыннага бізнесу. Асноўная мэта форуму - павышэнне ўспрымальнасці кіраўнікоў рэгіянальных бізнес-структур да новых ідэй у сферы арганізацыі эфектыўнага кіравання, прапаганда неабходнасці ўкаранення сучасных інструментаў вядзення бізнесу. У дзелавой праграме форуму праходзіць выстава з удзелам больш як 20 прадпрыемстваў і арганізацый, якія прадстаўляюць прадукты і рашэнні па шырокім спектры паслуг для бізнесу. Таксама падчас форуму арганізаваны бізнес-сустрэчы дзелавых колаў, семінары і майстар-класы па ўкараненні сучасных інструментаў паспяховага бізнесу і прэзентацыі інвестыцыйных праектаў. Арганізатарамі форуму выступаюць упраўленне па развіцці прадпрымальніцтва і спажывецкага рынку Віцебскага аблвыканкама, камунальнае кансалтынгавае унітарнае прадпрыемства "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу", Віцебскі абласны саюз наймальнікаў, Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў.-0-