Каля 1,2 тыс. населеных пунктаў пацярпелі з-за моцнага ветру ў Віцебскай вобласці
8 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 1,2 тыс. населеных пунктаў пацярпелі з-за моцнага ветру ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў РУП "Віцебскэнерга".
У выніку моцнага ветру 6 кастрычніка ў рэгіёне адбылося поўнае або частковае адключэнне электразабеспячэння каля 1,2 тыс. населеных пунктаў. Найбольш пацярпелі Браслаўскі, Расонскі, Міёрскі, Шумілінскі і Полацкі раёны. Пры гэтым у апошнім моцны вецер, парывы якога дасягалі 28 метраў у секунду, пашкодзіў каля 300 кв.м даху Сафійскага сабора. Усяго па вобласці былі абясточаны 124 фермы, 161 лінія электраперадачы, 2,2 тыс. трансфарматарных падстанцый. На электрычныя сеткі і дарогі ўпала каля 600 дрэў.
Для аднаўлення электразабеспячэння аператыўна быў мабілізаваны рабочы персанал "Віцебскэнерга" у колькасці 516 чалавек, сфармавана 133 брыгады з прыцягненнем 157 адзінак тэхнікі. Наладжвалася супольная праца са штабам МНС. На працягу светлавога дня 7 кастрычніка асноўныя аднаўленчыя работы ў вобласці ўдалося завяршыць. Па стане на раніцу 8 кастрычніка, у РУП "Віцебскэнерга" нездаволенымі заставаліся 45 заявак ад насельніцтва на аднаўленне электразабеспячэння сеткі 0,4 кВт.-0-