Каля 120 чалавек выратавалі са снежнага палону супрацоўнікі МНС Віцебскай вобласці
Каля 120 чалавек выратавалі са снежнага палону супрацоўнікі МНС Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным упраўленні МНС.
У перыяд з 11 раніцы 15 сакавіка да 5 раніцы 16 сакавіка работнікі МНС рэгіёну каля 30 разоў выязджалі на аказанне дапамогі людзям, якія трапілі ў снежныя гурбы. Пры гэтым палоннымі багатых снегападаў былі кіроўцы і пасажыры легкавых і грузавых машын, рэйсавых транспартных сродкаў, карет хуткай дапамогі, у якіх знаходзілася каля 120 чалавек, у тым ліку 20 дзяцей. Ніхто з іх не пацярпеў. Надзвычайныя сітуацыі зафіксаваны ў Чашніцкім, Сенненскім, Браслаўскім, Віцебскім, Лёзненскім, Мёрскім, Полацкім і Талачынскім раёнах.
Паводле даных абласнога ўпраўлення МНС, на ліквідацыі наступстваў цыклону ў цяперашні час задзейнічана каля 700 адзінак тэхнікі і звыш 3,3 тыс. работнікаў сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, іншых міністэрстваў і ведамстваў. У рэжыме поўнай гатоўнасці арганізавана дзяжурства пяці адзінак тэхнікі Мінабароны. Рух транспарту па чыгуначных магістралях вобласці па стане на 5 раніцы 16 сакавіка не абцяжараны.
Сітуацыя на дарогах вобласці знаходзіцца пад кантролем. Для ачысткі трас дадаткова прыцягнута тэхніка старонніх арганізацый, адзначыў генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог "Віцебскаўтадар" Адам Канапліч.
У сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я Віцебскае абласное ўпраўленне МНС рэкамендуе кіроўцам устрымацца ад паездак на далёкія адлегласці, а таксама нагадвае насельніцтву аб неабходнасці своечасовай расчысткі дахаў ад снегу ў мэтах папярэджання абрынання канструкцый. Таксама неабходна паклапаціцца аб расчыстцы прыдамавых тэрыторый і дарог ад снегу для бесперашкоднага пад'езду работнікаў экстранных службаў на выпадак непрадбачаных сітуацый. У бліжэйшы час у Віцебскай вобласці чакаецца ўзмацненне маразоў. У сувязі з гэтым таксама актуальна памятаць аб выкананні мер пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў і электрапрыбораў, дадалі ва ўпраўленні.