Каля 13 млн. спраў захоўваецца ў Дзяржаўным архіўным фондзе Беларусі
20 мая, Мінск /Вольга Швайко - БЕЛТА/. У Дзяржаўным архіўным фондзе Беларусі на сённяшні дзень захоўваецца каля 13 млн. спраў. Аб гэтым паведаміў дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзімір Адамушка на міжнароднай навуковай канферэнцыі "Мінулае і сучаснасць: архівы ў сістэме гуманітарнага ведання", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Канферэнцыя сабрала ў Мінску вядучых архівістаў, гісторыкаў, энцыклапедыстаў, бібліятэчных і музейных работнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Форум прысвечаны шырокаму колу пытанняў, аднак галоўная яго мэта - абмен вопытам і думкамі ў галіне архіўнай справы.
У гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы Андрэй Рыбакоў адзначыў, што цяпер архіўная галіна знаходзіцца на пераломным этапе свайго развіцця. З аднаго боку, архівы ў традыцыйным разуменні асацыююцца з гісторыяй, галоўная задача якіх - захаванне дакументацыі - крыніц інфармацыі. З іншага боку, у сучасным свеце архіўная сістэма штодзённа сутыкаецца з выклікамі часу. "Гэта ў тым ліку змены сацыяльна-эканамічных, палітычных умоў, а значыць, трансфармацыя грамадства, свядомасці, з'яўленне недзяржаўнай формы ўласнасці і інш. І як следства гэтых пераўтварэнняў - утвараецца дакументацыя, якая таксама ўяўляе пэўны інтарэс. У сувязі з гэтым узнікаюць пытанні, якія тычацца таго, які менавіта дакументы неабходна захоўваць, як доўга іх трэба захоўваць, што варта пакінуць у арганізацыях, а што аддаць у дзяржaрхівы", - сказаў Андрэй Рыбакоў.
Не менш важным аспектам развіцця архіўнай галіны з'яўляецца выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій. І цяжкасці тут таксама ёсць, у прыватнасці, у галіне захоўвання і камплектавання дакументаў, якія першапачаткова былі створаны на электронным носьбіце, пераводу традыцыйных папяровых дакументаў у электронны выгляд. Дарэчы, спецыялісты падлічылі, што калі аднаго чалавека пасадзіць на алічбоўку 15 млн. спраў, то спатрэбіцца каля 3,5 млрд. гадоў.
Адказваючы на пытанне аб тым, якая ж роля архіваў у сучасным грамадстве, дырэктар інстытута сказаў, што адназначнага адказу няма. "У любым выпадку, галоўная задача архіўнай службы - захаваць дакументальную памяць, тое, што змяшчае інфармацыю аб нашым мінулым, сучаснасці і можа быць выкарыстана ў будучыні", - адзначыў ён.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі, Нацыянальны архіў, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы, аддзел па архівах і справаводстве галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Мерапрыемства прысвечана 100-годдзю Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.-0-