Каля 1,3 тыс. прызыўнікоў Віцебскай вобласці папоўняць рады беларускага войска да канца мая
Асноўныя задачы прызыву — выкананне канстытуцыйнага абавязку і падрыхтоўка па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях.
З 15 мая ў аблваенкамат з раёнаў і гарадоў Віцебшчыны прыбываюць групы хлопцаў, якіх затым накіроўваюць у воінскія часці. У асноўным нашы землякі будуць асвойваць азы армейскай службы на малой радзіме, выключэннем стануць байцы ўнутраных войскаў МУС і памежных войскаў, якія раз'едуцца па Беларусі.
Аднымі з першых гэтай вясной папаўненне сустракалі ў Мінскай ваеннай камендатуры, 103-й паветрана-дэсантнай і 5-й спецыяльнага прызначэння брыгадах. Перад ад'ездам у злучэнні маладыя людзі выслухалі напутлівыя словы ад прадстаўнікоў камісарыята, грамадскіх арганізацый і царквы.
— Шчыра і старанна выконвайце свой воінскі абавязак, таму што для мужчыны няма больш свяшчэннага абавязку, чым служыць сваёй Айчыне і абараняць яе, — сказаў старшыня абласнога савета Беларускага саюза афіцэраў Сяргей Дзянісаў. — Спадзяюся, што вы станеце годнымі прадаўжальнікамі слаўных традыцый, закладзеных папярэднімі пакаленнямі абаронцаў Радзімы.
— Я прайшоў шлях ад шараговага салдата да афіцэра. Мне даводзілася ўдзельнічаць у баявых дзеяннях, — паведаміў старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валер'ян Мацкевіч. — Стойка пераносіце цяжкасці армейскіх будняў, пераймаючы вопыт старэйшых таварышаў. Гэта стане школай, якая зробіць з вас сапраўдных мужчын.
Перад адпраўкай у воінскія часці прызыўнікоў дабраславіў святар.