Каля 1,5 га пасеваў пшаніцы згарэла ў Аршанскім раёне

9 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 1,5 га пасеваў пшаніцы згарэла ў Аршанскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры прапаганды і навучання пры Віцебскім абласным упраўленні МНС. Пажар адбыўся на полі ІП "ШтоцАграсэрвіс". Да моманту прыбыцця ратавальнікаў агонь распаўсюдзіўся на плошчу каля 25 га. У асноўным гарэла сцёрня (на 23,5 га збожжавыя ўжо былі ўбраны). Акрамя пажарных разлікаў, ліквідавалі здарэнне 40 спецыялістаў гаспадаркі, а таксама былі задзейнічаны 4 адзінкі тэхнікі. У выніку агонь знішчыў каля 1,5 га пшанічнага поля. Камбайн "Ліда-1300", які працаваў на полі, што гарэла, не пацярпеў. Па гэтым факце праводзіцца праверка, падчас якой будуць устаноўлены прычыны пажару і матэрыяльная шкода. У Талачынскім раёне на полі СПК "Звянячы" у раёне вёскі Малое Высокае адбылося ўзгаранне трактара МТЗ-82, які належыць ААТ "Коханаўскі экскаватарны завод". Трактар быў задзейнічаны ў работах па ўнясенні мінеральных угнаенняў. У выніку пажару пашкоджаны маторны адсек і кабіна транспартнага сродку. Меркаваная прычына здарэння - кароткае замыканне электраправодкі трактара.-0-