Каля 1,5 тыс. адзінак тэхнікі паступіць у гаспадаркі Віцебскай вобласці да пачатку вясенніх палявых работ

11 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 1,5 тыс. адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі паступіць у гаспадаркі Віцебскай вобласці да пачатку вясенніх палявых работ. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Барыс Ефрэмаў. Уся тэхніка размеркавана па раёнах і пачынаецца пастаўка яе непасрэдна ў гаспадаркі. Аграрыі вобласці атрымаюць 500 машын для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, 150 энергонасычаных трактароў, з якіх больш за 70 ужо пастаўлены ў гаспадаркі, а таксама 250 апырсквальнікаў і пратрутных машын, 100 камбінаваных пасяўных агрэгатаў і іншую тэхніку. Тэхніка набываецца на ўмовах лізінгу, цяпер вырашаюцца пытанні па выплаце першапачатковых узносаў. Усяго ў 2011 годзе машынна-трактарны парк гаспадарак Віцебскай вобласці папоўняць каля 4 тыс. адзінак сельгастэхнікі на агульную суму каля Br960 млрд.-0-