Каля 15 тыс. маладых людзей Віцебскай вобласці прымуць удзел у марафоне "Зрабі свой выбар"
1 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску сёння пройдзе рэспубліканскі маладзёжны марафон "Зрабі свой выбар", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным камітэце БРСМ.
Мерапрыемства адбудзецца на базе самага вялікага клуба абласнога цэнтра "Энергія". Забаўляльная ўстанова стане пляцоўкай для дэманстрацыі творчага патэнцыялу моладзі Віцебскай вобласці.
Каля 15 тыс. маладых людзей з усіх рэгіёнаў вобласці збяруцца разам, каб прадставіць свае творчыя праекты, спартыўныя захапленні, асноўныя напрамкі дзейнасці. Так, актывісты маладзёжнага руху Браслаўскага раёна прадэманструюць магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва на ўласным прыкладзе актыўнага ўзаемадзеяння з моладдзю Літвы. Удзельнікі марафону з Оршы падрыхтавалі экалагічны праект, глыбачане пазнаёмяць з напрацоўкамі па патрыятычным выхаванні падлеткаў, рабоце з ветэранамі. Таксама будзе прадстаўлена студатрадаўскі рух. Асобны стэнд прысвечаны мерапрыемствам, накіраваным на фарміраванне здаровага ладу жыцця. Такім чынам, наведвальнікам акцыі прадастаўляецца магчымасць азнаёміцца з усёй палітрай дзейнасці маладзёжнага аб'яднання.
Сумаваць удзельнікам марафону дакладна не давядзецца, запэўнілі ў абкаме. У час акцыі пройдуць выстава самаробных трактароў ("Самаробкін-2010"), спартыўна-тэхнічныя шоу, паказальныя выступленні і спаборніцтвы, шматлікія конкурсы. Усе гэтыя мерапрыемствы будуць суправаджацца яркай канцэртнай праграмай.
Акцыя заклікана даць магчымасць маладым людзям рэалізаваць свае таленты і ідэі, выхоўваць у маладых пакаленняў актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю.-0-