Каля 1,5 тыс. работ прадстаўлены на выставе-справаздачы сістэмы прафтэхадукацыі Віцебскай вобласці
7 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 1,5 тыс. работ прадстаўлены на выстаўцы-справаздачы сістэмы прафтэхадукацыі Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца аддзела тэхнічнай і мастацкай творчасці ўстаноў прафтэхадукацыі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Вольга Баранок.
Выстаўка прысвечана 70-годдзю стварэння дзяржаўнай сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 65-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У экспазіцыю ўвайшлі лепшыя работы, выкананыя навучэнцамі і супрацоўнікамі 35 ПТВ і 12 ССНУ рэгіёна. Гэта вышыўка, габелены, батык, вырабы з лазы і саломкі, разьба па дрэве, унікальныя бісерныя сады і гаі, мэбля, калекцыі адзення, абутку і аксэсуараў да іх, узоры прычосак, выкананыя на парыках, муляжы кулінарных вынаходак.
З-за вялікай колькасці экспанатаў выстаўка арганізавана ў дзвюх навучальных установах: Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце і ПТВ №12. Азнаёміцца з работамі можна да 16 красавіка. Лепшыя з іх (400-500 экзэмпляраў) будуць адабраны журы для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскага фестывалю дэкаратыўна-прыкладной творчасці "Беларускі вянок", які адбудзецца ў маі ў Мінску.
Высокі ўзровень прафесіяналізму і майстэрства навучэнцаў сістэмы прафтэхадукацыі Віцебскай вобласці ўжо даўно атрымалі высокую ацэнку ў краіне. Па выніках мінулага года ўстановы ПТА Прыдзвіння па выніках рэспубліканскага агляду тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці атрымалі за свае работы 45 дыпломаў (15 за першае месца, 15 за другое і 15 за трэцяе). Гэта самы высокі паказчык сярод усіх рэгіёнаў рэспублікі, падкрэсліла Вольга Баранок. Сёння ганаровыя дыпломы будуць уручаны прадстаўнікам устаноў адукацыі на адкрыцці выстаўкі.-0-