Каля 15% занятых у сістэме адукацыі Віцебскай вобласці - пенсіянеры
Каля 15% занятых у сістэме адукацыі Віцебскай вобласці складаюць пенсіянеры, паведаміў сёння журналістам першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Кожны год ва ўстановы адукацыі рэгіёну прыходзяць больш за 500 маладых спецыялістаў, а сыходзяць 600-700 чалавек. Каля 15% занятых у нашай сістэме складаюць пенсіянеры. Мы забяспечваем працай практычна ўсіх, хто да нас звяртаецца. Ёсць кропкавыя праблемы па некаторых населеных пунктах і па пэўных спецыяльнасцях. Каб выконваць баланс у гэтых пытаннях, вельмі важна ўзаемадзеянне раённых аддзелаў адукацыі з ВНУ па мэтавым наборы студэнтаў на тыя педагагічныя спецыяльнасці, якія патрэбны канкрэтным раёнам", - сказаў Леанід Сцяпанаў. Ён падкрэсліў, што ў бягучым годзе будзе працягнута праца па аптымізацыі сістэмы адукацыі. "Пільна вывучым працу малалікіх устаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, паглядзім, наколькі яны запатрабаваны ў канкрэтным раёне", - адзначыў Леанід Сцяпанаў і дадаў, што ў апошнія гады ў рэгіёне намяцілася тэндэнцыя да павелічэння колькасці дзяцей у дашкольных установах і пачатковай школе. Пры прыняцці рашэнняў гэты факт таксама будзе ўлічвацца.
Алена Ціханава, БЕЛТА.