Каля 150 лыжных спартсменаў выйдуць на старт рэспубліканскай спартакіяды сярод ДЮСШ у Наваполацку
4 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 150 юных спартсменаў выйдуць на старт рэспубліканскай спартакіяды па біятлоне сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ (ДЮСШ), якая пройдзе з 5 па 7 сакавіка ў Наваполацку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву Валерый Гушчын.
У спаборніцтвах прымуць удзел амаль 20 каманд спартыўных навучальных устаноў з усіх рэгіёнаў краіны, у склад якіх уключаны па чатыры юнакі і дзяўчаты 1996-1997 гадоў нараджэння. Вызначаць наймацнейшых юныя спартсмены будуць па трох відах спаборніцтваў. У першы дзень адбудуцца гонкі без стральбы на 5 км сярод дзяўчат і на 7,5 км сярод юнакоў. Працягнуць праграму спартакіяды спрынтарскія гонкі (са стральбой) для юнакоў на 6 км і для дзяўчат на 4 км. Завяршальным стартам стане змешаная эстафета 4 па 4 км, на этапы якой у складзе каманд выйдуць па два юнакі і дзве дзяўчыны.
Пераможцы і прызёры ў камандным і асабістым першынствах будуць узнагароджаны медалямі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Акрамя таго, па выніках спартакіяды Наваполацкае ВУАР, на базе якога пройдуць гонкі ўжо шосты раз запар, плануе адабраць кандыдатаў на навучанне, як гэта ў свой час адбылося з членам нацыянальнай алімпійскай зборнай па біятлоне Яўгенам Абраменкам: перспектыўны спартсмен быў заўважаны на чарговай спартакіядзе і затым паспяхова скончыў Наваполацкае ВУАР. -0-