Каля 150 спартсменаў возьмуць удзел у рэспубліканскім турніры па вольнай барацьбе ў Віцебску
15 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адкрыты рэспубліканскі турнір па барацьбе вольнага стылю памяці заслужанага трэнера Беларусі В.С.Зубкова пройдзе 16-17 красавіка ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.
Удзельнікі турніру - каля 150 спартсменаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама госці з Даўгаўпілса і Смаленска - збяруцца ў Віцебску ўжо сёння. Віцебскую вобласць прадставяць барцы з абласнога цэнтра і Оршы, дзе культывуецца гэты від спорту.
Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў адбудзецца ў цэнтральным спартыўным комплексе "Дынама" 16 красавіка. Спаборніцтвы будуць праводзіцца ў індывідуальным заліку сярод мужчын і жанчын у васьмі вагавых катэгорыях. Імёны пераможцаў абвесцяць 17 красавіка. Іх чакаюць дыпломы і ўзнагароды.
Турнір з'яўляецца адным з этапаў падрыхтоўкі спартсменаў да чэмпіянату Беларусі па барацьбе вольнага стылю, які пройдзе ў чэрвені. -0-