Каля 150 спартсменаў з усёй Беларусі збярэ турнір па грэка-рымскай барацьбе ў Віцебску

27 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адкрыты рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза А.К.Гаравца, пачынаецца сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. У спаборніцтвах прымуць удзел юнакі 14-15 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Віцебскую вобласць прадставяць каля 40 спартсменаў з Глыбоцкага, Сенненскага, Шумілінскага, Гарадоцкага раёнаў і абласнога цэнтра. Удзельнікі будуць спаборнічаць на працягу двух дзён у 10 вагавых катэгорыях. Імёны наймацнейшых назавуць 28 сакавіка. Пераможцы ў асабістым і камандным заліках будуць узнагароджаны медалямі, дыпломамі і прызамі. Арганізатарамі турніру выступаюць упраўленні адукацыі і фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.-0-