Каля 1,9 тыс. прозвішчаў загінулых у Віцебскай вобласці абаронцаў Айчыны ўстаноўлены ў 2010 годзе

1 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 1,9 тыс. прозвішчаў пахаваных у Віцебскай вобласці абаронцаў Айчыны ўстаноўлены ў 2010 годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік ваеннага камісара ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці Сяргей Альсевіч. Полевыя раскопкі на мясцовасці праводзіліся ў Гарадоцкім, Бешанковіцкім, Браслаўскім, Віцебскім, Полацкім, Докшыцкім, Верхнядзвінскім і Талачынскім раёнах. У ходзе пошукавых работ асабовы склад в/ч №28443 адпрацаваў 27 пошукавых аб'ектаў, падняў 210 астанкаў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, дадаткова ўстанавіў 11 новых імёнаў загінулых. У мінулым годзе было пашпартызавана адно раней неўлічанае воінскае пахаванне. Значная работа праведзена і па ўвекавечанні памяці загінулых герояў ВАВ, адзначыў Сяргей Альсевіч. Так, у ліпені і кастрычніку мінулага года адбыліся тры буйныя цырымоніі перапахавання. Каля гарадскога пасёлка Бешанковічы ў брацкай магіле перапахаваны астанкі 26 салдат, на могілках у вёсцы Копці Віцебскага раёна - астанкі 69 чалавек. На воінскіх могілках па вуліцы Цітова ў Віцебску пахаваны астанкі 84 ваеннаслужачых. Пошукавая работа па ўстанаўленні імёнаў загінулых праводзілася ваеннымі камісарыятамі ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады, грамадскімі аб'яднаннямі, ветэранскімі і моладзевымі арганізацыямі ў рамках абласнога плана мерапрыемстваў па ўвекавечанні памяці загінулых абаронцаў Айчыны і патрыятычным выхаванні моладзі. Усяго на тэрыторыі Віцебскай вобласці знаходзіцца 1238 воінскіх пахаванняў, у тым ліку адзіныя ў Беларусі афіцэрскія могілкі ў вёсцы Стасева (Лёзненскі раён), у якіх пахавана 384,5 тыс. абаронцаў Айчыны. Амаль 207 тыс. з іх невядомыя.-0-