Каля 20 маршрутаў прапануюць турыстам у Чашніцкім раёне

Сярод асноўных – гісторыка-геаграфічны і экалагічны маршрут «Залатое кальцо Чашніччыны», які арганічна ўпісаўся ў сістэму патрыятычнай працы, прапаганды здаровага ладу жыцця, арганізацыі актыўнага і карыснага адпачынку для людзей розных узростаў і прафесій.

Не выпадкова ў рамках рэспубліканскага моладзевага праекта «Сто ідэй для Беларусі» ён быў узнагароджаны спецыяльным сертыфікатам.

Працягласць маршруту – больш за 200 кіламетраў. Іх можна праехаць на аўтамабілі або ровары, прайсці пешшу, а цяпер – і верхам на конях. Цікавае падарожжа пачынаецца з наведвання гісторыка-краязнаўчага музея і экскурсіі па Чашніках, далей шлях ляжыць па старажытнай івянецкай зямлі, дзе археолагі адкрылі унікальнае гарадзішча каля вёскі Сельцы, а ва ўрочышчы Дубкі ў часы Вялікага княства Літоўскага адбылася знакамітая Ульская бітва. У заказніку «Соснягі» можна пазнаёміцца з рэдкімі раслінамі, занесенымі ў Чырвоную кнігу Беларусі, і побытам народных помсціцеляў у партызанскім лагеры брыгады Дубова, у аграгарадку Іванск – наведаць музей мясцовай школы. Экскурсіі тут праводзіць Віктар Грыбко, аўтар многіх кніг па гісторыі роднага краю, у тым ліку спецыялізаванага падручніка, па якім займаюцца ўсе школьнікі раёна.

Перш чым адкрыць маршрут, давялося нямала папрацаваць усім мірам на суботніках па аднаўленні партызанскага лагера ў Соснягоўскай пушчы каля вёскі Васькоўшчына. Цяпер тут штогод праводзяцца разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны традыцыйныя «Вогнішчы памяці». Паставілі крыж на месцы Ульскай бітвы і асвяцілі яго. У вёсцы Навасёлава на тэрыторыі былой сядзібы пана Селявы будуецца база адпачынку ДТСААФ: ужо ўзведзены двухпавярховы драўляны дом, тут будуць лазня, кемпінгі, пляж і інш. Агульны кошт праекта – больш за 6 млрд рублёў (да дэнамінацыі), каля 2 млрд ужо асвоена. У Чашніках ДТСААФ рэканструюе пустуючае памяшканне былой канторы сельпо, выкупленае ў міжраённай базы, тут будзе гасцініца. Сюды ўжо ўкладзена каля 400 млн рублёў – палова

праектна-каштарыснай вартасці.

– Стварэнне камфортных умоў прыцягне новых турыстаў, – рассказвае ініцыятар маршруту,старшыня раённай структуры ДТСААФ Віктар Галай. – Але ўжо сёння цешыць, што наш патрыятычна-асветніцкі праект зацікавіў моладзь. Велапрабегі мы арганізуем разам са спартыўным клубам «Скіна», у іх прымаюць удзел не толькі спартсмены, але і ўсе ахвотныя, ёсць магчымасць узяць ровары напракат. А цяпер дадалі конны маршрут: тры гадзіны ў сядле – гадзіна адпачынку.

На ўсіх відах маршрутаў ёсць магчымасць для начлега і прывалу. Сюды падвозяцца прадукты і дровы, тут жа рыхтуюцца абеды, а калі камусьці не падабаецца паходная кухня, турыстам могуць прапанаваць дастаўку ежы з прадпрыемстваў грамадскага харчавання.

У бліжэйшы час па задумцы аўтараў «Залатое кальцо Чашніччыны» ахопіць увесь раён. У маршрут плануюць дадаць знакамітую Белую Царкву і аграгарадкі Чэрэя і Лукомль.

– На нашай зямлі нямала месцаў, пра якія ўсім варта ведаць, – упэўнены Віктар Мікалаевіч. –Да прыкладу, у 1942 годзе на вышыні каля вёскі Вяцера пяць байцоў тыдзень стрымлівалі націск немцаў. У лесе ёсць невялікі помнік героям, але доступ туды пакуль што ўскладнены. Мне б вельмі хацелася, каб людзі, асабліва моладзь, ведалі пра іх подзвіг, даглядалі за святым месцам, а потым і сваім дзецям распавядалі, якія героі жылі на Чашніччыне. Уласна, гэта і з'яўляецца галоўнай мэтай нашага праекта. Ну і, безумоўна, прыцягненне турыстаў, магчымасць зарабляць грошы і ўкладваць іх у далейшае развіццё рэгіёну. Ужо сёння мы гатовыя прыняць усіх жадаючых пазнаёміцца са слаўнай гісторыяй, унікальнай прыродай і сучаснымі дасягненнямі краю. Падрабязную інфармацыю можна даведацца на сайтах раённай структуры ДТСААФ, райкама БРСМ, райвыканкама.

Алена Целятка, фота аўтара. «Віцебскія весці».