Каля 20 тыс. чалавек выйшлі на агульнагарадскі суботнік па навядзенні парадку ў Віцебску

24 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебск сёння развітваецца з зімой і наводзіць бляск на сваіх старых вулачках і новых праспектах. У абласным цэнтры рашэннем гарвыканкама аб'яўлены гарадскі суботнік, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама Аляксандр Мамаеў. Паводле яго слоў, удзел у суботніку прымаюць каля 20 тыс. чалавек. На ўборку прылеглых тэрыторый выйшлі работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, навучэнцы і студэнты, вайскоўцы і чыноўнікі гарвыканкама. Асаблівая ўвага нададзена прыбярэжным палосам Віцьбы і Заходняй Дзвіны. Як адзначыў Аляксандр Мамаеў, прадпрыемствы і арганізацыі ў дзень суботніка могуць бясплатна вывезці на палігон цвёрдых камунальных адходаў смецце, а на пляцоўку для складання снегу - залежалы снег. І нібыта ў падзяку гараджанам за сённяшнюю працу ў горадзе распусціліся першыя веснікі вясны - крокусы. Паводле даных Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, па ўсёй вобласці пачалася актыўная праца па добраўпарадкаванні і навядзенні санітарнага парадку пасля зімы. Эколагі ўжо праверылі 1,5 тыс. аб'ектаў. Склалі каля 300 пратаколаў аб парушэннях у дачыненні да юрыдычных, службовых і фізічных асоб.-0-