Каля 20 сядзібаў Віцебскай вобласці змагаюцца за званне лепшай па выніках 2013 года
Каля 20 сядзіб Віцебскай вобласці змагаюцца за званне лепшай па выніках 2013 года. Пры гэтым, як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, большасць заявак паступіла ад пачаткоўцаў сферы на новую намінацыю "Лепшы старт".
Дадзеная намінацыя ўведзена ў цяперашнім пятым па ліку юбілейным конкурсе "Лепшая аграэкасядзіба Віцебскай вобласці" замест намінацыі "Стыль і гармонія". Гэта і прыцягнула ўвагу да конкурсу пачынаючых суб'ектаў аграэкатурызму, з якіх чатыры адкрылі свае сядзібы ў пачатку мінулага года. Амаль усе ўдзельнікі падавалі заяўкі як мінімум на дзве намінацыі. Акрамя "Лепшага старту", гэта яшчэ і "Захаванне беларускіх традыцый", "Здаровы лад жыцця", "Гасціннасць", "Экасядзіба года".
У барацьбу ўступілі і тытулаваныя "аксакалы" галіны, якія ўжо маюць вопыт удзелу ў конкурсе. Сярод іх сядзіба "Азёрная" у вёсцы Забор'е Расонскага раёна і "Лука" у вёсцы Экімань-2 Полацкага, якія ўваходзяць у Еўрапейскую сетку кулінарнай спадчыны са сваімі аўтэнтычнымі лакальнымі стравамі.
У цэлым, геаграфія ўдзельнікаў вельмі шырокая: Полацкі, Мёрскі, Глыбоцкі, Расонскі, Браслаўскі, Лепельскі, Верхнядзвінскі, Дубровенскі, Ушацкі, Дубровенскі і Віцебскі раёны. З наступнага тыдня судзейская калегія конкурсу пачынае аб'езд намінантаў для аб'ектыўнай ацэнкі. Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў намечана на канец кастрычніка і пройдзе ва ўрачыстай атмасферы ў аблвыканкаме.
Кацярына Князева