Каля 200 кірмашоў пройдзе ў красавіку ў Віцебскай вобласці
4 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 200 кірмашоў пройдзе ў красавіку ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама.
З прыходам вясновага сезона для найбольш поўнага задавальнення попыту насельніцтва на спажывецкія тавары і паслугі ў вобласці аднаўляецца штотыднёвае правядзенне па выхадных днях кірмашоў і распродажаў тавараў па зніжаных цэнах. Традыцыйна яны будуць арганізаваны ў Віцебску, Оршы, Полацку, Наваполацку і раённых цэнтрах.
Жыхарам вобласці варта звярнуць увагу на тэматыку вясновых распродажаў. Так, 9 і 16 красавіка ў шырокім асартыменце будуць прапанаваны садова-агародны інвентар, насенне, расада і саджанцы, мінеральныя ўгнаенні. Перадвелікодныя кірмашы адбудуцца ў рэгіёне 23 красавіка. У гэты дзень харчовыя, прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы прадставяць вялікі выбар святочнай прадукцыі, нехарчовых тавараў. У кірмашах таксама возьмуць удзел аб'екты грамадскага харчавання.
Ва ўпраўленні гандлю адзначылі, што 7-9 мая прадпрыемствы гандлю вобласці арганізуюць выязны гандаль ва ўсіх месцах правядзення святочных мерапрыемстваў.-0-