Каля 200 работ прадставяць Беларусь у «Маляваным экватары» славацкага мастака Андрэя Смолака
12 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 200 работ прадставяць Беларусь у арт-праекце "Маляваны экватар" славацкага мастака Андрэя Смолака. Убачыць 49 з іх можна на выставе, якая адкрылася сёння ў мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА Андрэй Смолак.
У экспазіцыі прадстаўлены работы Аляксандра Канавалава, Георгія Паплаўскага, Уладзіміра і Андрэя Савічаў, Уладзіміра Вішнеўскага, іншых мастакоў і дзеячаў культуры Беларусі. Па ўмовах праекта, кожны аўтар прадстаўляе толькі адну персанальную працу на палатне памерам 20 см на 20 см, прысвечаную любым тэмам за выключэннем тэрарызму, фашызму і іншых трагічных падзей, якія нясуць адмоўныя, сумныя эмоцыі. "Праект закліканы спрыяць умацаванню дружбы і ўзаемаразумення ў людзей розных краін, таму прымаюцца толькі пазітыўныя работы", - падкрэсліў мастак. Ён таксама адзначыў, што іх аўтарамі не абавязкова павінны быць менавіта майстры пэндзля. Гэта могуць быць дзеячы культуры і навукі, палітыкі, вядомыя спартсмены.
Да гэтага часу праект, які стартаваў у 2007 годзе, ужо сабраў каля 1,3 тыс. работ з Ізраіля, Расіі, Кубы, Кітая, Японіі, Польшчы, Германіі, большасці іншых еўрапейскіх краін. Кожны твор адпавядае 1 км зямнога экватара. Даўжыня апошняга складае 40075 км - менавіта столькі работ і плануе сабраць Андрэй Смолак. Сабраныя карціны будуць захоўвацца ў галерэі мастака ў Славакіі, а па завяршэнні праекта выстаўлены ў спецыяльна створанай для гэтага галерэі.
Андрэй Смолак - выдатны мастак і грамадскі дзеяч Славакіі. На яго рахунку арганізацыя і правядзенне шматлікіх выстаў, міжнародных сімпозіумаў і арт-праектаў. З'яўляецца лаўрэатам прэміі Еўрапейскага саюза мастацтва (2002 год), сусветнай прэміі Сальвадора Далі (2004 год) і іншых прэстыжных узнагарод.-0-