Каля 200 спартсменаў з чатырох краін возьмуць удзел у турніры па вольнай барацьбе ў Віцебску

21 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 200 спартсменаў з чатырох краін выйдуць сёння ў Віцебску на старт XIX Міждзяржаўнага турніру па барацьбе вольным стылем, прысвечанага памяці капітана 3-га рангу А.Іспенкова і загінулых членаў экіпажа АПЛ "Камсамолец". Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама. Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў пройдзе 22 студзеня. Фінальныя схваткі запланаваны на 24 студзеня. У абласным цэнтры збяруцца барцы 1993-1995 гадоў нараджэння з Расіі, Украіны, Малдовы і ўсіх абласцей Беларусі. На працягу чатырох дзён маладым спартсменам трэба будзе разыграць у агульнай складанасці 23 камплекты ўзнагарод. Юнакі будуць змагацца ў 13 вагавых катэгорыях (самая лёгкая - 32 кг, самая цяжкая - звыш 100 кг). А дзяўчаты вызначаць наймацнейшых у 10 катэгорыях (ад 38 кг да звыш 70 кг). Спаборніцтвы пройдуць у палацы спорту Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Пераможцы і прызёры будуць узнагароджаны медалямі і ганаровымі прызамі, а таксама каштоўнымі падарункамі. Для прадстаўнікоў айчыннай школы барацьбы гэтыя спаборніцтвы стануць першым этапам фарміравання нацыянальнай каманды для ўдзелу ў першынстве Еўропы 2011 года. Падчас правядзення мемарыяльнага барцоўскага турніру для каманд прадугледжана насычаная культурная праграма. Па традыцыі спартсмены ўшануюць памяць загінулых падводнікаў і ўскладуць кветкі на магілу Анатоля Іспенкова ў Шумілінскім раёне, а таксама вянкі і кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Віцебску. Акрамя таго, юныя барцы наведаюць Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў і шэраг іншых культурна-асветніцкіх устаноў, пазнаёмяцца з славутасцямі абласнога цэнтра.-0-