Каля 200 студэнцкіх навуковых работ прадставіць Віцебскі дзяржуніверсітэт на рэспубліканскі конкурс
28 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 200 работ плануе прадставіць Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава на рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў ВНУ ў 2010 годзе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў кіраўнік студэнцкага навуковага таварыства ВДУ, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, доктар гістарычных навук Іван Манандзік.
Вынікі навуковай дзейнасці студэнтаў універсітэта будуць падводзіцца падчас двухдзённай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных "IV Машэраўскія чытанні", якая адкрылася сёння ў віцебскай ВНУ. З больш чым 600 дакладаў, прадстаўленых на форум, каля паловы падрыхтавалі студэнты і аспіранты дзяржуніверсітэта. Лепшыя работы, адабраныя аргкамітэтам канферэнцыі, будуць удастоены гонару прадстаўляць ВДУ на рэспубліканскім конкурсе. У 2009 годзе ўніверсітэт накіраваў больш за 150 навуковых работ, пры гэтым больш за сто аўтараў распрацовак сталі лаўрэатамі і прызёрамі рэспубліканскага конкурсу, а ВДУ увайшоў у дзясятку наймацнейшых вышэйшых навучальных устаноў краіны.
Традыцыйныя "Машэраўскія чытанні" ўпершыню сёлета праходзяць з міжнародным удзелам. Цікавасць да навуковага форуму праявілі прадстаўнікі больш за 50 ВНУ і навуковых устаноў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі. Асноўнымі задачамі канферэнцыі з'яўляюцца папулярызацыя навуковай дзейнасці, аказанне дапамогі маладым людзям у рэалізацыі свайго патэнцыялу ў навуковай сферы, падтрымка іх на шляху да поспеху ў даследчай рабоце. Акрамя таго, правядзенне канферэнцыі з міжнародным статусам будзе спрыяць развіццю супрацоўніцтва маладых вучоных з розных краін. Фармат мерапрыемства дазволіць маладым даследчыкам абмяняцца вопытам, ідэямі і напрацоўкамі, абмеркаваць праблемныя пытанні і, магчыма, абазначыць перспектыўныя напрамкі кааперацыі па розных тэмах навуковых пошукаў.
У межах навуковага форуму будуць працаваць 10 секцый па рознай тэматыцы навуковых інтарэсаў і прыярытэтным напрамках навуковых даследаванняў. Арганізатары спадзяюцца, што заяўленыя на канферэнцыю работы стануць асновай для перспектыўных інавацыйных праектаў, якія знойдуць практычнае прымяненне.
У Віцебскім дзяржуніверсітэце працуе студэнцкае навуковае таварыства, навуковыя гурткі створаны пры кожнай кафедры. Ужо з першага курса навучальны працэс арганізаваны такім чынам, каб студэнт паступова ўцягваўся ў навуковыя пошукі, набываў навыкі даследчай работы. Для каардынацыі дзейнасці студэнцкіх навуковых гурткоў у ВНУ ў 2009 годзе створаны Савет студэнцкага навуковага таварыства, які закліканы актывізаваць папулярызацыю навуковай дзейнасці сярод навучэнцаў універсітэта.
Арганізатарамі навукова-практычнай канферэнцыі "IV Машэраўскія чытанні" выступаюць Міністэрства адукацыі Беларусі і ўстанова адукацыі "Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава".-0-