Каля 2,4 тыс. чалавек заняты на ўборцы лёну ў Віцебскай вобласці

2 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 2,4 тыс. чалавек заняты на ўборцы лёну ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Сярод іх каля 250 чалавек складаюць работнікі льнозаводаў, 1,7 тыс. чалавек прыцягнуты з райцэнтраў і 350 з гарадоў. Ужо ў бліжэйшыя дні на дапамогу да іх прыедуць навучэнцы розных устаноў адукацыі рэгіёну. Льняное поле займае ў вобласці 17,9 тыс.га. Па стане на 2 верасня лён убраны з плошчы больш за 3 тыс.га, або 17% да плана. Нарыхтавана амаль 6 тыс.т льнотрасты з сярэднім нумарам 1,01. Найбольш высокая якасць льнотрасты адзначаецца ў Шумілінскім (1,20), Лёзненскім (1,18) і Дубровенскім (1,10) раёнах. Завяршыць нарыхтоўку льнотрасты ў Віцебскай вобласці плануецца да 15 верасня.-0-