Каля 250 аб'яднанняў па вывучэнні праваслаўнай культуры створаны ў школах і дзіцячых садках Віцебскай вобласці

28 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каля 250 гурткоў па вывучэнні асноў праваслаўнай культуры арганізаваны ў дашкольных установах і агульнаадукацыйных школах Віцебскай вобласці. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Васіль Будкевіч на абласной навукова-практычнай канферэнцыі "Выхаванне падрастаючага пакалення на традыцыях праваслаўнай культуры", якая праходзіць сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Уся работа ў гэтым напрамку праводзіцца пры рэалізацыі "Праграмы супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквы" на 2007-2010 гады. Па запыце бацькоў створаны 30 груп у дзіцячых садках і 95 класаў у школах, якія працуюць па праграме "Духоўна-маральнае выхаванне дашкольнікаў і школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа". Для навучэнцаў старэйшых класаў арганізавана работа больш за 120 факультатываў "Асновы праваслаўнай культуры". Акрамя таго, больш за 50 гурткоў па інтарэсах дзейнічаюць пры школах і ўстановах пазашкольнага выхавання, дзе падлеткі вывучаюць духоўна-маральную і культурную спадчыну праваслаўя. Інавацыйную дзейнасць па духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў і навучэнцаў ажыццяўляюць 11 устаноў адукацыі вобласці, а сярэдняй школе №10 абласнога цэнтра прысвоены статус рэспубліканскай пляцоўкі ў рамках інавацыйнага праекта "Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання дашкольнікаў і малодшых школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа". Інфармацыйна-метадычную падтрымку праграмы забяспечвае абласны інстытут развіцця адукацыі, дзе чытаюцца спецкурсы, у тым ліку "Роля і месца рэлігіі ў сучасным адукацыйным працэсе". У 2009-2010 навучальным годзе інстытут упершыню правёў абласную выставу-конкурс метадычных матэрыялаў "Духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа", на якой было прадстаўлена больш за 130 распрацовак педагагічных калектываў. Духоўна-маральны аспект з'яўляецца адным з кампанентаў сістэмы эстэтычнага выхавання, адзначыў Васіль Будкевіч. Творчыя калектывы школ уключаюць у праграму сваіх выступленняў творы духоўнай музыкі. У Лепельскім раёне арганізаваны дзіцячы міжшкольны калядны фестываль "Віфлеемская зорка". Значнае месца ў выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі займаюць традыцыйныя Калядны і Вялікодны фестывалі, у праграме якіх праходзяць выставы дзіцячай творчасці, канцэрты выхаванцаў дзіцячых садкоў і школьнікаў, кінапаказы духоўных фільмаў. Педагогі вобласці традыцыйна прымаюць удзел у абласных Срэценскіх чытаннях, рэспубліканскіх Свята-Еўфрасіннеўскіх, Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытаннях, а таксама ў міжнародных Калядных адукацыйных чытаннях у Маскве. Абласны інстытут развіцця адукацыі арганізуе пастаянна дзеючыя выставы "Святыя зямлі беларускай".-0-