Каля 3 тон насення хвоі плануюць сабраць лясгасы Віцебшчыны, каб забяспечыць вобласць на 5 гадоў

Около 3 тонн сосновых семян планируют собрать лесохозяйства Витебщины, чтобы обеспечить область на 5 лет

У гэтым сезоне нарыхтоўкі насеннай сыравіны лесагаспадарчымі ўстановамі рэспублікі запланавана сабраць 660 тон шышак елкі. 150 т з іх трэба будзе нарыхтаваць ГЛГУ «Аршанскі лясгас», бо большая частка тутэйшых лясоў — елкі. За апошнія два гады лясгас заклаў каля 1,5 тыс. га гэтай культуры. А плошча, на якой трэба правесці лесааднаўленне ў наступным годзе, дасягае тысячы гектараў. Менавіта таму да нарыхтоўкі шышак і атрымання якаснага пасяўнога матэрыялу Аршанскі лясгас падыходзіць асабліва сур'ёзна. Елка багата пладаносіць прыкладна раз у чатыры гады. Нарыхтоўкай насеннай сыравіны займаюцца ўсе лясніцтвы.

— У дзень мы збіраем каля 1,5 т шышак, — расказаў галоўны ляснічы Аршанскага лясгаса Дзяніс Жэўняк. — Ужо адправілі на перапрацоўку больш за 50 т.

Лесанасенная плантацыя Аршанскага лясгаса даволі вялікая — 5 га. З сабранага тут ураджаю атрымліваюцца палепшаныя саджанцы. Сабекошт аднаго кілаграма шышак — каля 30 тысяч рублёў.

– Сюды ўваходзяць нарыхтоўка, дастаўка, сушка, абсталяванне насення і іншыя выдаткі, — кажа Дзяніс Міхайлавіч, — але гэтыя затраты дазволяць нам забяспечыць сябе насеннем і пасадачным матэрыялам на 5 гадоў наперад.

На сённяшні дзень у галіне хвоёвых насення нарыхтавалі каля 400 кг, 140 т елкі. Усяго плануюць сабраць каля 3 т насення, што забяспечыць Віцебшчыну на 5 гадоў і яшчэ будзе магчымасць прадаць частку тавару. Бегамльскі, Лепельскі і Глыбокскі лясгасы маюць намер рэалізоўваць насенне елкі ў Швецыю па 400 еўра за 1 кг. У Бегамлі на заробленыя сродкі збіраюцца купіць новае польскае абсталяванне — абескрылівальнік і сепаратар, Глыбокскі ўкладзе прыбытак у пераабсталяванне лесапільнага цэха.

Надзея Фондарэнка, "Віцебскія весці"