Каля 3 тысяч жыхароў Віцебшчыны ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі

Першымі атрадамі ліквідатараў ад Віцебскай вобласці кіравалі палкоўнікі міліцыі Аляксандр Томашэў, узнагароджаны за мужнасць і самаадданыя дзеянні ордэнам Чырвонай Зоркі, Дзмітрый Аўсіевіч, Веніямін Нарэйка, Альгерд Петэрсан, Уладзімір Шчаглоў, падпалкоўнік міліцыі Леанід Рапапорт, маёр унутранай службы Мікалай Прусоў, удастоены ордэна «Знак Пашаны» і медаля «За адвагу».

У розныя гады на ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі працавалі ў агульнай складанасці каля 3 тыс. прадстаўнікоў Віцебшчыны – пажарных, вайскоўцаў, медработнікаў і іншых спецыялістаў.

Сёння на тэрыторыі вобласці пражываюць 1 886 чалавек, якія маюць статус пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС і іншых радыяцыйных аварый. У тым ліку 30 – інваліды ў выніку радыяцыйнага ўздзеяння, 1 146 – якія выконвалі работы на самой станцыі і ў 10 кіламетровай зоне эвакуацыі (адчужэння), 710 – у зоне першачарговага і наступнага адчужэння. За 30 гадоў пасля аварыі Віцебшчына прыняла 1,5 тыс. перасяленцаў з заражанай мясцовасці.

У 2015-м на рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС у вобласці зрасходавана больш за 27 млрд рублёў, для выплаты льгот і кампенсацый – каля 24 млрд, за першы квартал бягучага года – 6,1 млрд руб. льготных пенсій і дапамог. У дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Жамчужына», размешчаным у Бароўцы Лепельскага раёна, за мінулы год прайшлі аздараўленне каля 7 тыс. дзяцей, больш за палову якіх – з заражаных раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей.