Каля 30 ДТЗ адбылося ў Віцебскай вобласці ў студзені-сакавіку па віне пешаходаў
8 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 30 аварый адбылося за студзень-сакавік на дарогах Віцебскай вобласці па віне пешаходаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна.
У выніку гэтых ДТЗ 11 чалавек загінулі і 18 былі паранены.
Вінаватымі 70 аварый прызнаны кіроўцы, па два выпадкі - на рахунку ў асоб, якія не маюць пасведчання кіроўцы, веласіпедыстаў і матацыклістаў. Асноўнымі прычынамі аварый сталі выезд на паласу сустрэчнага руху, парушэнне правілаў праезду пешаходных пераходаў, хуткаснага рэжыму і манеўравання.
Усяго за першы квартал у рэгіёне адбылося 118 дарожна-транспартных здарэнняў, што на 15% больш у параўнанні з аналагічным узроўнем мінулага года. Рост ДТЗ перш за ўсё абумоўлены тым, што пасля зімовага перыяду кіроўцы не ўлічваюць дарожную абстаноўку і часта пераацэньваюць свае магчымасці, адзначыла Алеся Сярэгіна.
Здарэнні сталі прычынай гібелі 33 чалавек, раненні рознай ступені цяжкасці ў іх атрымалі 119 удзельнікаў дарожнага руху. Пры гэтым у дзевяці выпадках кіроўцы збеглі з месца здарэння, пакінуўшы пацярпелых без дапамогі. У 14 ДТЗ пацярпелі дзеці, адзін з іх загінуў, 13 былі паранены.
Самым аварыйным часам сутак у мінулым квартале прызнаны інтэрвал часу з 16 да 20 гадзін і з 12 да 16 гадзін, а найбольш небяспечнымі дарогі аказаліся ў чацвер і нядзелю.-0-