Каля 30 шматкватэрных дамоў пабудуюць у Віцебскай вобласці да канца 2016 года

Як адзначыў начальнік аддзела жыллёвага будаўніцтва і інфраструктуры камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Ягор Джандараў, па выніках 5 месяцаў гадавое заданне па ўводзе жылля выканана на 50,5%. У 17 з 23 рэгіёнаў Віцебшчыны ўзводзяцца шматкватэрныя дамы з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнай падтрымкі.

— Далейшае развіццё жыллёвага будаўніцтва ў паўночным рэгіёне будзе праходзіць у адпаведнасці з агульнай канцэпцыяй развіцця эканомікі краіны, якая прадугледжвае павелічэнне долі пазабюджэтных крыніц фінансавання. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Будаўніцтва жылля» на 2016 –2020 гг. да канца пяцігодкі плануецца павялічыць узровень забяспечанасці насельніцтва жыллём з 26,6 кв. м на чалавека (у 2015 годзе) да 27,3, – паведаміў Ягор Джандараў.

У першым квартале бягучага года за кошт сродкаў арганізацый у рэгіёне ўведзена амаль 6 тысяч кв. м. Самым масавым сегментам забудовы сталі Віцебск і Орша. На ўмовах дзяржзаказу ў бягучым годзе ключы ад сваіх запаветных «квадратаў» у 4 шматкватэрных дамах, якія сталі «пераходзячым рэшткам» з 2015-га, атрымалі жыхары Лепеля, Пастаў, Полацка, Барані Аршанскага раёна.

Да ўведзеных у эксплуатацыю дамоў арэнднага жылля ў Віцебску і Оршы ў трэцім квартале дадасца 60-кватэрны дом у Балбасаве Аршанскага раёна, фундамент якога заклалі ў студзені. Для змяншэння кошту квадратнага метра ў гэтым пяціпавярховіку выкарыстоўваецца канструкцыя буйнапанёвага домабудавання РУП «Віцебскі ДСК». Па словах Ягора Джандарава, пры фарміраванні праграмы на 2017-ы будзе разгледжана пытанне аб працягу будаўніцтва арэнднага жылля, улічваючы вялікі попыт на яго.

Вольга БУЛАВКА, «Віцебскія весці».